В марте дубровенский оператор машинного доения Ирина Семенова завоевала серебро Витебской области
Нядаўна камітэт па сельскай гаспадарцы аблвыканкама і прэзідыум абласнога камітэта прафсаюзаў работнікаў АПК падвялі вынікі абласнога спаборніцтва за дасягненне найвысшых рэзультатаў па вытворчасці малака за сакавік гэтага года сярод малочнатаварных ферм і аператараў машыннага даення.
Прыемна адзначыць, што ў ліку пераможцаў абласнога спаборніцтва ёсць прадстаўніца нашага раёна — Ірына Леанідаўна Сямёнава, аператар машыннага даення ААТ “Гігант-Агра”. У мінулым месяцы ад кожнай каровы яна надаіла па 756 кілаграмаў малака. Гэта другі паказчык у вобласці і першы ў нашым раёне. За такія высокія працоўныя дасягненні Ірына Леанідаўна ўзнагароджана дыпломам і грашовай прэміяй.
Днямі старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Міхаіл Іванавіч Рубанцаў пабываў на цэнтральнай малочнатаварнай ферме гаспадаркі і ўручыў Ірыне Леанідаўне абласныя ўзнагароды.
У час сустрэчы з прызёрам абласнога спаборніцтва высветлілася, што Ірына Леанідаўна патомная жывёлаводка. Яе маці Надзея Свірыдаўна Казлова ўсё жыццё адпрацавала даяркай на пячонкаўскай ферме калгаса “Гігант” (цяпер ААТ “Гігант-Агра”). У школьныя гады Ірына вельмі часта прыбягала на ферму, каб дапамагчы маці накарміць і падаіць кароў. А калі ў 1992 годзе маці пайшла на заслужаны адпачынак, яе працоўнае месца на ферме заняла дачка.
Вось ужо два дзесяткі гадоў Ірына Леанідаўна працуе аператарам машыннага даення. Да даручанай справы, як і яе маці адносіцца з душой, жывёла заўсёды своечасова накормлена і падоена. Таму і вынікі працы нядрэнныя. І раней неаднойчы І.Л.Сямёнава ўваходзіла ў лік лепшых жывёлаводаў раёна.
Два гады назад пячонкаўскую малочнатаварную ферму закрылі, а дойны статак перавялі ў абноўлены і мадэрнізаваны кароўнік на цэнтральнай ферме, дзе ўсе працэсы па абслугоўванню жывёлы механізаваны. Гэта дазволіла павысіць прадукцыйнасць працы.
Цяпер Ірына Леанідаўна, як і іншыя аператары машыннага даення, абслугоўвае 50 кароў. Мінулай восенню кіраўніцтва гаспадаркі даручыла ёй абслугоўваць групу першацёлак. І як бачым, жывёлаводка раздаіла жывёлу такім чынам, што ў лютым і сакавіку сутачны надой малака на карову ў яе групе перавышаў 20 кілаграмаў.
У гэтыя красавіцкія дні сутачны валавы надой дасягае 900-1000 кілаграмаў. Вельмі важна і тое, што Ірына Леанідаўна захавала амаль увесь нарадзіўшыйся маладняк: у групу дарошчвання яна перадала 48 цялят.
—Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена работай Ірыны Леанідаўны Сямёнавай, — гаворыць галоўны эканаміст гаспадаркі Надзея Іванаўна Шайкова, якая ў той дзень разам з намі прыйшла на ферму, каб павіншаваць жывёлаводку з працоўнай перамогай у абласным спаборніцтве.
— Нягледзячы на занятасць па абслугоўванню групы першацёлак, яна заўсёды гатова прыйсці на выручку іншым жывёлаводам. Калі хтосьці з аператараў не выйшаў на работу, яна без лішніх слоў адклікаецца на просьбу брыгадзіра і дапамагае даіць іншую групу кароў. Вось такая старанная працаўніца наша Ірына Леанідаўна Сямёнава, — сказала ў канцы нашай размовы Н.І.Шайкова.
Андрэй КВІР
Фота аўтара