В Дубровно за 4 доллара можно купить 1 квадратный метр земли
Як вядома, згодна з артыкулам 12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі, грамадзяне нашай краіны маюць права набываць зямлю ў прыватную ўласнасць. Як гэтае канстытуцыйнае права выкарыстоўваюць жыхары раёна? На гэтае пытанне наш карэспандэнт папрасіў адказаць начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Івана Феадосьевіча Некрашэвіча.
? —Іван Феадосьевіч, для якіх мэт і ў якім памеры грамадзяне краіны могуць мець зямельныя ўчасткі ў прыватнай уласнасці?
—Згодна з Кодэксам аб зямлі ў прыватную ўласнасць грамадзяне краіны маюць права набываць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі і калектыўнага садаводства.
Так, для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі грамадзяне могуць мець у прыватнай уласнасці да 1 гектара зямлі, для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома: у горадзе — 5-15 сотак, у сельскай мясцовасці — 15-25 сотак.
? —Колькі ў нашым раёне грамадзян, якія набылі зямельныя ўчасткі ў прыватную ўласнасць?
—На сённяшні дзень такіх грамадзян 108 і маюць яны ў прыватнай уласнасці 55 гектараў зямлі.
? —Іван Феадосьевіч, якія землі не могуць быць перададзены ў прыватную ўласнасць?
—Не належаць перадачы ў прыватную ўласнасць зямельныя ўчасткі, якія размешчаны на плошчах залягання разведаных месцазнаходжанняў карысных выкапняў, і на прыродаахоўных землях (артыкул № 12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі). У гэты пералік уваходзяць зямельныя ўчасткі двух садоўніцкіх таварыстваў, якія размешчаны на тэрыторыі нашага раёна.
? —Які кошт зямлі ў прыватную ўласнасць у нашым раёне?
—Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2007 года № 667 “Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў”, зямля ў прыватную ўласнасць прадастаўляецца з дзяржаўных рэсурсаў па яе кадастраваму кошту, зыходзячы з афіцыйнага курса долара ЗША да беларускага рубля на чысло падачы заявы зацікаўленай асобы.
У горадзе Дуброўна цана 1 квадратнага метра зямлі, перадаваемай у прыватную ўласнасць складае ад 1 да 4 долараў ЗША, а ў сельскай мясцовасці — ад 0,07 да 0,18 долара. Гэта значыць, што сярэдні кошт зямельнага ўчастка 15 сотак у горадзе Дуброўна, які набываецца ў прыватную ўласнасць для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, сёння складае каля 32 мільёнаў рублёў, а ў сельскай мясцовасці ўчастак плошчай 25 сотак — ад 2 да 4 мільёнаў рублёў. Хачу заўважыць, што кошт зямельнага ўчастка залежыць таксама ад месца размяшчэння ўчастка, наяўнасці камунікацый, дарог і іншых фактараў.
? —Як бачна з вашага расказа, Іван Феадосьевіч, жыхары нашага раёна не спяшаюцца набываць зямлю ў прыватную ўласнасць.
—Гэта сапраўды так. Наогул у апошнія гады ў райвыканкам паступае вельмі мала заяў ад грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з просьбай аб выдзяленні зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома.
Напрыклад, у 2007 годзе ў райвыканкам не паступіла ні адной такой заявы, у 2008 годзе толькі тры жыхары горада звярнуліся з такой просьбай, а ў апошнія тры гады такіх заяў было ўсяго ад 3 да 9. Прычым, усе грамадзяне прасілі зямельныя ўчасткі не ў прыватную ўласнасць, а ў пажыццёвую спадчыну.
У сувязі з гэтым хачу звярнуць увагу, што з 1 студзеня гэтага года, згодна са змяненнямі і дапаўненнямі да Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 667, грамадзянам нашай краіны, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, зямельныя ўчасткі, выдзяляемыя для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, па іх жаданню могуць прадастаўляцца ў прыватную ўласнасць па льготнай цане: за зямлю трэба заплаціць ад 20 да 50 працэнтаў сумы кадастравага кошту.
Тыя ж грамадзяне, якія не стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, але жадаюць набыць зямельны ўчастак у прыватную ўласнасць, будуць плаціць за зямлю ў поўным аб’ёме згодна яе кадастравага кошту. Магчыма, сёлета хто-небудзь з жыхароў нашага раёна скарыстае такія льготныя ўмовы для набыцця ўчастка ў прыватную ўласнасць.
Хачу завастрыць увагу таксама і на тым, што ў г.Дуброўна і сельскіх населеных пунктах раёна сфарміраваны і зацверджаны рашэннем райвыканкама пералік свабодных (не занятых) зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома і калектыўнага садаводства, у якім 131 участак і якія можна перадаваць у прыватную ўласнасць. Гэты пералік размешчаны на інфармацыйных стэндах райвыканкама і сельскіх Саветаў, ён штомесяц абнаўляецца, а таксама апублікаваны ў газеце “Дняпроўская праўда”.
Матэрыял падрыхтаваў Андрэй КВІР
Источник фото: zkan.com.ua