14 новых комбайнов пополнили парк техники Дубровенского района
На мінулым тыдні 100 зернеўборачных камбайнаў вытворчасці ААТ «Гомсельмаш» атрымалі аграрыі Віцебшчыны.14 новых сельгасмашын папоўнілі парк тэхнікі Дубровенскага раёна: чатыры машыны прыбылі ў СГФ імя Ю. Смірнова, па дзве адзінкі атрымалі ў КУСГП імя Чарняхоўскага і «Прыдняпроўскі», ААТ «Праўда-С» і «Якубава-Агра», на адзін камбайн стала больш у ААТ «Усход-Чырына» і КУСГП «Зарубы».
—Зараз у нашай гаспадарцы шэсць зернеўборачных камбайнаў, — гаворыць кіраўнік КУСГП «Зарубы» Андрэй Сычоў. — Новы камбайн даверылі вопытнаму работніку, механізатару з дваццацігадовым стажам Дзмітрыю Калтунову. Камбайн атрымалі ў пятніцу вечарам, а ўжо ў нядзелю на ім працавалі да позняга вечара. Нам яшчэ трэба ўбраць амаль 500 га зерневых і зернебабовых, таму новая тэхніка добрая падтрымка, якая дазволіць паскорыць тэмпы ўборачнай кампаніі, — упэўнены Андрэй Сычоў.
Усяго ў КУСГП «Зарубы» ў гэтым годзе трэба ўбраць 1710 га зерневых і зернебабовых культур. Па стане на раніцу 25 жніўня, скошана 1224 га, або 72% плошчаў, намалочана 4473 тоны збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць у гаспадарцы — 36,5 ц/га.
Дзмітрыя Калтунова мы знайшлі на полі непадалёку ад вескі Юкава. Камбайнер сустрэў нас з усмешкай на твары і іскаркамі ў вачах. З першага позірку было зразумела, што гэты чалавек любіць сваю справу і тое, чым займаецца амаль дваццаць гадоў.
—Пераехаў у Зарубы з Баева. Тут ажаніўся, атрымаў жыллё.Тут есць работа і ў жонкі, і у мяне. У сельгаспрадпрыемстве створаны ўсе ўмовы для працы, задавальняе мяне і заробак. А самае галоўнае, што ў нашым калектыве добрыя ўзаемаадносіны. Як кажуць, адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго. Мы заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, падтрымаць, парадавацца поспехам адзін аднаго, падзяліцца вопытам з маладымі працаўнікамі, — кажа Дзмітрый Калтуноў.
На пытанне, як працуецца на новым камбайне, адказвае, што працаваць на такой тэхніцы — адно задавальненне. Бартавая камп’ютарная сістэма, кандыцыянер, джойсцік — усе ўмовы для працы. А параўнаць камбайнеру ёсць з чым, бо працаваў ён і на «Доне» , і на «Лідзе», і на іншай тэхніцы.
Таму разам з юным памочнікам — сваім сынам — Дзмітрый Калтуноў нацэлены на новыя поспехі, галоўнае зараз, каб было надвор’е.
Святлана ШУРПАКОВА.