История Федора Кулакова: «Днепровка» вела народный контроль

Дубровно, Днепровская правда, Федор Кулаков, история, мемуары, воспоминания, СССР, комитет народного контроля

Шляхі-дарогі

Так, савецкі лад трымаўся ўстойліва. Не трэба, аднак, думаць, што ўсюды жыццё ішло проста і гладка, без сучка і задзірынкі. Было нямала асобных недахопаў у гаспадаранні, у эканоміцы і сацыяльнай сферы. На выяўленне і выпраўленне іх у значнай меры былі скіраваны намаганні райкама партыі, райвыканкама і яго сельгасупраўлення, камітэта народнага кантролю, рэдакцыі раённай газеты.

Хочацца трохі расказаць пра камітэт народнага кантролю, старшынёй якога на той час быў Мікалай Гарбаткін і членам якога (ад рэдакцыі) я з’яўляўся многія гады (рэдактар газеты з’яўляўся членам бюро райкама партыі).

Камітэт народнага кантролю толькі называўся народным, па сутнасці ж, ён быў баявым органам РК КПБ, многія яго важнейшыя рашэнні, безумоўна, папярэдне ўзгадняліся з першым сакратаром райкама партыі. Дзейснасць і сіла камітэта народнага кантролю заключаліся ў тым, што праведзеныя ім з удзелам рэдакцыі рэйды абавязкова і аператыўна знаходзілі адлюстраванне ў газеце, да таго ж штомесяц выходзіла старонка “Народны кантроль у дзеянні”. І такая асаблівасць: рашэнне камітэта НК нідзе не магло быць аспрэчана, было канчатковым, будзь то адміністрацыйнае (маральнае) ці матэрыяльнае спагнанне. Калі размова, скажам, ішла аб хібасцях на сяўбе ці жніве, кіраўнік альбо галоўны аграном гаспадаркі ўспрымаў гэта не вельмі востра, справа была звыклая.

Зусім інакш успрымалася рашэнне КНК у адносінах непасрэдна да работніка, так бы мовіць, персанальная справа. Памятаю, як плакала работніца бухгалтэрыі райспажыўсаюза (тады называлася так), якая штосьці там “схімічыла” з будматэрыяламі і пусціла іх на ўласную веранду. Ёй аб’явілі маральнае спагнанне і тое, што пра ўсё абавязкова будзе расказана ў раённай газеце. Яна маліла, каб на яе было накладзена самае дапушчальна высокае матэрыяльнае (грашовае) спагнанне, але каб нічога не было ў газеце, бо, як жа ёй пасля працаваць, але старшыня і члены КНК былі няўмольнымі. І, пэўна, правільна: не чапай нічога і — не бойся нікога, а публічнае слова — гэта не маўклівае грашовае спагнанне!

Мікалай Гарбаткін быў чалавекам прынцыповым і ўедлівым. Мы скалясілі з ім увесь раён з краю ў край, уздоўж і ўпоперак, падрыхтавалі дзесяткі рэйдавых матэрыялаў для газеты і для разгляду на пасяджэннях КНК, наш прыезд у канторы, на фермы, у майстэрні выклікаў у кіраўнікоў, спецыялістаў, канторскіх работнікаў сапраўдны перапалох. Хаця хто не адчуваў за сабой грахоў, той і паводзіў сябе спакойна, а станоўчае ў рабоце (абавязкова самі пераканаўшыся ў гэтым) мы адзначалі з вялікім задавальненнем.

Пазней раённы КНК узначальваў нядаўні райкамаўскі работнік Анатоль Маркавіч Краўцоў, камітэт пры ім працаваў у ранейшым наступальным і непадкупным стылі, камітэтаўскі УАЗік быў вядомы на ўвесь раён. Інспектарам раённага КНК быў Васіль Лявонцьевіч Машкоў — выдатнае дапаўненне яго старшыні, з ім нас звязалі добрыя таварыскія адносіны. Жонка В.Машкова працавала ў сістэме кааператыўнага гандлю, але Васіль не надаваў гэтаму ніякага значэння, прыпамінаецца, як востра мы “прайшліся” па тадышніх работніках прылаўка і сталоўкі вёскі Ляды.

Так працаваць было цікава. Крытычныя публікацыі (не толькі па лініі КНК) садзейнічалі падтрыманню добрага тыражу газеты.

Значна пазней Анатоля Краўцова перавялі працаваць у абласны КНК, Васіль Машкоў узначаліў ашчадны банк. Для банка было ўзведзена новае дыхтоўнае памяшканне, на жаль, яго кіраўніку быў наканаваны кароткі век. Але такіх людзей памятаюць.

Тады, як і цяпер, у газеце змяшчаліся матэрыялы самага рознага плана: станоўчыя і крытычныя (крытычных было непараўнальна больш, чым зараз), гістарычныя і ваенна-патрыятычныя.

Шмат увагі ўдзялялася грамадска-палітычным кампаніям і мерапрыемст-вам. У 1978 годзе ў цэнтры ўвагі было абмеркаванне праекта абноўленай Канстытуцыі Беларускай ССР. У № 36 “ДП” яго пачалі старэйшы селькор газеты, галоўны бухгалтар калгаса “Шлях да камунізму” (цяпер ААТ “Прыдубровенскае”) Мікалай Сіманькоў і даярка калгаса “Праўда”, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Валянціна Кароткіна. Далей і пайшло па накатанай каляіне.

У ліпені 1978 года адбыўся Пленум ЦК КПСС па сельскай гаспадарцы. А ўжо 18 ліпеня (“ДП” № 86) у газеце з’явіўся цэлы разварот пад агульным загалоўкам “У новыя далі, у новы прасцяг пракладвае партыя велічны шлях”, падрыхтаваны супрацоўнікамі рэдакцыі Л.Саратокіным, Ф.Кулаковым, А.Кісялёвым і начальнікам фінансава-планавага аддзела райсельгасупраўлення М.Плячковым. На цяперашні погляд гэты разварот меў вельмі ўзвышаны налёт і палёт.

Цікавы чалавек быў Міхаіл Ігнатавіч Плячкоў. У пачатку вайны ён падлеткам разам з іншымі выганяў у савецкі тыл калгасную жывёлу. Вывучыўся на эканаміста, працаваў кваліфікавана і самааддана. Быў актыўным няштатным карэспандэнтам “ДП”. Сам рыхтаваў праблемныя артыкулы па профілю сваёй работы, удзельнічаў у рэйдах (да прыкладу “Ніву не падманіш”), даваў нам інтэрв’ю і проста кансультацыі па розных пытаннях. Сустрэцца, пагаварыць з гэтым мяккім, далікатным чалавекам было адно задавальненне, у рэдакцыі, як і па месцы працы, яго высока цанілі і паважалі. Больш бы такіх бескарыслівых памочнікаў мець газеце, добра было б.

…Пісалі пра ўсё, адкрыта і праўдзіва. З аршанскай газеты я перанёс у “ДП” звычку пад Новы год пісаць разгорнутыя вершаваныя рэпартажы на беларускай ці рускай мове — як калі наляціць. Гэта нялёгкая справа, галава тлуміцца і ўдзень, і ўночы, у адзіноце і на людзях. Ды не адзін дзень.

Помню, аршанскі рэдактар сказаў мне: “Не кідайся сюды-туды. Два дні ў рэдакцыі не з’яўляйся, але потым каб прынёс рэпартаж”. І я сядзеў дома, блукаў па прыдняпроўскім парку, праз вуліцу ад якога жыву, і запісваў у блакнот вершаваныя радкі. Аднойчы так, ужо ў Дуброўне, не чуючы нікога і нічога, заносіў у блакнот радкі рэпартажа, седзячы на нейкай вялікай нарадзе ў зале Дома Саветаў. Магчыма, тады нарадзіліся вось гэтыя словы:

Заколдованный словно,
Днепр под снегом лежит…
Вырастают в Дубровно
Этажи, этажи…
Там, в просторных квартирах
И тепло, и уют…
Пусть в радости, в мире
Наши люди живут!

Успамінаюцца таксама і такія радкі (“ДП” № 104, 2001 год):

Няхай жа будзе лепшым год,
Які мы сустракаем,
Каб быў усцешаны народ
Багатым караваем.

Хаця, шчыра кажучы, падстаў для трывог у канцы мінулага і пачатку новага стагоддзяў было і ёсць нямала, але хачу крануцца іншай тэмы, якую ўжо называў. Якраз пра гэта – у наступны раз…

Шаноўныя сябры!

Працяг багатых успамінаў Фёдара Сяргеевіча будзе зусім хутка.
А пакуль гісторыю газеты “Дняпроўская праўда” вы можаце прачытаць на нашым сайце (глядзім наверх ) на старонцы “О газете” альбо ў яе раздзеле “История «Днепровки»”. Ці ізноў вам патрэбна прайсці па наступных спасылках…

О ГАЗЕТЕ

ИСТОРИЯ «ДНЕПРОВКИ»

Поспехаў, даражэнькія!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *