Пионерские дружины дубровенщины приняли участие в акции «Неделя леса»

Дубровно, дубровенский, лес, акция

Беларусы ў час рэспубліканскай добраахвотнай акцыі «Тыдзень лесу» пасадзілі больш за 29 млн дрэў на плошчы 6722 га. Асноўнымі пародамі традыцыйна сталі сасна, елка і бяроза. У акцыі прынялі ўдзел больш за 52 тыс. чалавек. Добраахвотнікі працавалі на 2613 аб’ектах.
У гэтым годзе акцыя прайшла 12-ы раз. Мерапрыемства было прымеркавана да Года малой радзімы і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акцэнт быў зроблены перш за ўсё на рабоце з моладдзю. Як нам стала вядома, вучні і педагогі Зарубскай дзіцячы сад-сярэдняй школы таксама прынялі ўдзел у акцыі. Актыў піянерскай дружыны імя А.Усава і пярвічнай арганізацыі ГА БРСМ распрацавалі план мерапрыемстваў. Сярод іх былі і конкурс малюнкаў “Зялёнае адзенне Беларусі”, і акцыя “Збяром макулатуру — зберажом лясы”, і фотаконкурс “Лес — наша багацце”.
Акцыя “Тыдзень лесу -2019” пачалася ў школе са святочнай лінейкі, госцем якой быў начальнік Дубровенскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксей Маркоўскі. Ён расказаў дзецям аб неабходнасці берагчы нашы лясы, бо лес — гэта багацце нашай зямлі, напоўненае жыццём.

Дубровно, дубровенский, лес, акция

У межах гэтай акцыі навучэнцы школы паўдзельнічалі ў пасадцы елачак каля возера ў аграгарадку Зарубы. Пасадачны матэрыял быў прадастаўлены Кляноўскім лясніцтвам. Вучні таксама прыбралі смецце, якое засталося на беразе возера пасля зімы.
А якія ж лясы без спеву птушак? Канешне, птушкі — жывое ўпрыгожванне нашай Зямлі. І яны не засталіся па-за ўвагай. Актыўны ўдзел навучэнцы школы прынялі і ў культурна-экалагічнай акцыі “Дапаможам пярнатаму сябру”. Рукамі старшакласнікаў пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі Дударава В.П. было зроблена 7 кармушак, 5 шпакоўняў, 4 сінічнікі.
Дадзеная акцыя дала магчымасць дзецям бліжэй пазнаёміцца з лясной гаспадаркай, даведацца, якімі намаганнямі і працай ствараюцца і ахоўваюцца лясы, а самае галоўнае — унесці свой невялікі ўклад ва ўсеагульную дзяржаўную працу па зберажэнні лясоў Беларусі.
Увогуле ў Віцебскай вобласці актыўнымі ўдзельнікамі рэспубліканскай акцыі сталі каля 9 тыс. жыхароў. Агульнымі намаганнямі ў рэгіёне створана 817 га лясных культур, высаджана амаль 3 тыс. дрэў і іншага пасадкавага матэрыялу, адноўлена і добраўпарадкавана 48 месцаў адпачынку, а таксама прыбрана 298,5 куб. м смецця.

Падрыхтавала
Алена КАРСАКОВА.