Какие эпизоды Великой Отечественной войны врезались в память дубровенских ветеранов?
Вайна, перадавая — гэта не толькі атакі і адступленні, перамогі і паражэнні, смутак і слёзы. У памяці ўдзельнікаў вайны захаваны і іншыя эпізоды з франтавога жыцця, смешныя і сумныя, кур’ёзныя і павучальныя. Вось некаторыя з іх…
Ядзвіга Браніславаўна ГАЎРЫЛАВА
Былая партызанка 10-га атрада брыгады “Дубрава”.
Ветэран райжылкамунгаса.
— Я доўгі час не ведала аб лёсе сястры. У Чашніках, каб не трапіць на прымусовыя работы ў Германію, мы пайшлі ў партызанскі атрад. Нашы шляхі развялі партызанскія сцежкі. Вясной 1943 года наш атрад рухаўся выканаць заданне па беразе ракі Ушача. Па супрацьлегламу берагу ракі ў тым жа накірунку рухаліся іншыя атрады. Там я прымеціла жанчыну ў кажуху: яна так была падобная на нашу Соню.
Калі партызанскія атрады злучыліся ва ўстаноўленым месцы, я папрасіла ў камандзіра дазволу схадзіць у суседні атрад, пацікавіцца, што за жанчына прыцягнула маю ўвагу. Якой жа была наша ўзаемная радасць, калі высветлілася, што той жанчынай была мая сястра Соня, аб якой мы больш года нічога не ведалі. Яна таксама доўга не ведала аб нашым месцазнаходжанні…
Усе, хто выжыў у той вайне, хто прымаў актыўны ўдзел у баявых аперацыях партызанскіх брыгад “Дубрава” і “Смерць фашызму”, перайменаваных потым у брыгаду імя Чапаева, пасля вайны, напачатку мая, збіраюцца ў месцы прарыву партызанамі варожай блакады. З вогненнага кальца партызаны вывелі больш 15 тысяч мірных жыхароў. На тым месцы зараз узвышаецца велічны комплекс “Прарыў”. На зямлі, палітай крывёй лепшых сыноў і дачок беларускага народа, пасаджана 16 дубоў у гонар кожнай з партызанскіх брыгад — удзельніц красавіцка-майскіх баёў 1944 года. А на мемарыяльным полі — бронзавыя пліты. На іх імёны тых, хто загінуў, абараняючы Радзіму ад ворагаў.
Віктар Елісеевіч ЗУБКОЎ
Прымаў удзел у партызанскім руху на Магілёўшчыне.
З ліпеня 1944 па май 1945 года — у складзе пяхотнага падраздзялення 3-га Беларускага фронту.
Узнагароджаны медалём “За отвагу” і за «За взятие Кенигсберга»,
Былы ўрач ЦРБ.
—Калі пачалася вайна, мне было ўжо 18 гадоў. Бацька і старэйшы брат служылі ў радах Чырвонай Арміі, яны кадравыя ваенныя. Мяне і іншых юнакоў у армію не паспелі мабілізаваць, бо немцы вельмі хутка і нечакана авалодалі тэрыторыяй Горацкага раёна. Аднойчы я сустрэўся з маладым мужчынам, ён цікавіўся колькасцю юнакоў майго ўзросту, адносінамі іх да гітлераўцаў, настроем. Мужчына прадставіўся начальнікам разведкі партызанскага атрада “Чекист”. Я папрасіўся ў атрад. Разведчык адказаў, што такі давер трэба заслужыць, параіў збіраць зброю і боепрыпасы, якіх багата было раскідана па наваколлі, абяцаў неўзабаве прыйсці і праверыць, як мы выканалі яго даручэнне. Я сабраў больш дваццаці юнакоў, каму давяраў, узяліся за збор зброі, якую хавалі ў надзейных месцах.
Праз некалькі тыдняў той разведчык сустрэўся з намі, станоўча ацаніў нашу “работу”. Пасля гэтага я з іншымі аднагодкамі апынуўся ў партызанскім атрадзе. Напрыканцы 1943 года атрымаў заданне ажыццявіць разведку знаходжання нямецкіх гарнізонаў, узбраення гітлераўцаў. Дзесьці пралічыўся і трапіў у рукі палявой жандармерыі. Пасля допыту мяне атправілі ў турму ў Оршу. З засценкаў вызвалілі воіны Чырвонай Арміі, якія 27 чэрвеня 1944 года вызвалілі Оршу. Пасля адпаведнай праверкі мяне залічылі ў адно з воінскіх падраздзяленняў 84-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Удзельнічаў у баях у складзе войскаў 3-га Беларускага фронту.
Ганна Філімонаўна АНДРЭЕВА
Былая медсястра медсанчасці
264-га батальёна аэрадромнага абслугоўвання, 1862 эвакашпіталя.
—У медсанчасці і ў эвакашпіталі раненыя называлі мяне “Ганулькай”, “сястрычкай”, “дачкой”. У час лячэння мы для іх былі самымі блізкімі і дарагімі людзьмі: пісалі пісьмы родным і сваякам дадому, чыталі інфармацыйныя паведамленні і матэрыялы з перадавой, што друкаваліся ў газетах. А колькі маладзенькіх салдацікаў і афіцэраў паміралі на маіх руках ад цяжкіх раненняў… Не магу гэта забыць.
Вельмі запомніўся чэрвень-ліпень 1944 года. Войскі беларускіх франтоў вялі баі за вызваленне маёй роднай Беларусі. У пачатку ліпеня па радыё перадалі паведамленне Савінфармбюро. Усёй краіне знаёмы голас дыктара Левітана абвясціў, што Чырвоная Армія вызваліла ад гітлераўцаў сталіцу БССР горад Мінск. Радасць біла цераз край. Звярнулася да камандзіра шпіталя з рапартам, каб мне прадаставілі кароткатэрміновы водпуск. Вельмі хацелася адшукаць у родных мясцінах маці, сястру, іншых сваякоў, даведацца аб іх лёсе — на часова акупіраванай тэрыторыі ўсялякае здаралася.
Самых дарагіх мне людзей знайшла на Аршаншчыне, у вёсцы Бабінічы. Былі слёзы пры сустрэчы, радасць, што засталіся жывыя і сустрэліся, была не адна гадзіна ўспамінаў. Крыху прыйшоўшы ў сябе, мама кінулася збіраць сціплыя пачастункі на стол. Сабраўшы тое-сёе, яна выйшла з хаты, сказала, што на хвілінку да суседкі, маўляў, пазычу салёных гурочкаў. На стале на талерцы ляжалі тры лустачкі не вельмі свежага хлеба. А мама вярнулася позна, і толькі тады я з сястрой здагадаліся, што яна пакінула нас наўмысна, каб яе лустачка хлеба дасталася яе дзецям…
У гэтых гісторыях лёсы і характары, ахвярнасць і страты, горкая і гераічная праўда аб ваенных часах… і аб нашым вызваленні.
Леанід ДУДАРАЎ