В деревне Ляды благоустройство проходит с фантазией
Вёску Ляды мясцовыя жыхары называюць варотамі ў Расію. Штодзённа праз яе на тэрыторыю Беларусі ўязджаюць сотні адзінак транспартных сродкаў з расійскімі нумарамі.
Уладальнікі расійскіх аўто і іх пасажыры, перасякаючы расійска-беларускую мяжу, завастраюць ўвагу літаральна на ўсім: якія ў нас прыдарожны сервіс і дарожная культура, наколькі добраўпарадкаваны населеныя пункты і тэрыторыя сацыяльна-важных аб’ектаў і г.д. Адным словам, першае ўражанне аб краіне ў гасцей складваецца “по одежке” населенага пункта, які стаіць першым на іх шляху пасля перасячэння мяжы.
Гэта добра разумеюць старшыня Валяўкоўскага сельскага выканаўчага камітэта А.В.Парахневіч і яго шматлікія памочнікі, таму і ўдзяляюць вялікую ўвагу навядзенню парадку ў вёсцы Ляды, іншых населеных пунктах сельсавета, праз якія пралягае транзітны шлях у нашу краіну.
Прыемна прайсці зараз па цэнтральнай і прылеглых да яе вуліцах Лядоў. У палісадніках жыхароў вёскі ў поўным сэнсе слова буяюць восеньскія кветкі: — розных відаў хрызантэмы, рознакаляровыя гладыёлусы, астры, вяргіні. Кветкавыя кампазіцыі малых форм упрыгожваюць тэрыторыі сельскага Дома культуры, фельчарска-акушэрскага пункта, школьную тэрыторыю.
Вялікая работа выканана па добраўпарадкаванню брацкага пахавання, дзе пакоіцца прах 359 воінаў, якія аддалі свае жыцці, вызваляючы населены пункт ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вакол помніка растуць кветкі, клумбы разбіты ў строгім стылі. Сапраўдным упрыгажэннем населенага пункта стала царква, узведзеная на сродкі іх земляка — расійскага мецэната. Тэрыторыя вакол царквы дагледжана.
Не так даўно, гэтым летам, у Лядах на перасячэнні цэнтральнай вуліцы з другараднай з’явілася незвычайная кветкавая альтанка з драўлянымі формамі. Вось што паведаміў старшыня Валяўкоўскага сельскага выканаўчага камітэта Аляксандр Парахневіч:
—У нізіне, на перасячэнні дзвюх дарог, у ста метрах ад умоўнай мяжы з Расіяй мы абсталявалі міні-зону адпачынку. Раней тут нічога не расло, акрамя высокай травы. Сёлета мы акультурылі гэта месца: скасілі траву, завезлі трохі грунту, прыдумалі форму кветкавай клумбы, зрабілі металічны каркас для альтанкі, які аплятаюць расліны-ліяны, выразалі з дрэва фігуркі рускіх лялек-матрошак, расфарбавалі іх. Атрымалася, самі бачыце, прыгожа. Асабліва пастаралася ў гэтай справе настаўніца замежнай мовы Ляднянскай школы Вера Данілаўна Сінякова. І дызайн клумбаў, і дызайн альтанкі з малымі формамі — плод яе фантазіі і майстравых рук. Ды і я таксама прыклаў да яе рукі. Напрыклад, абкошваннем тэрыторыі рэгулярна сам займаюся. Догляд за клумбамі вядуць вучні.
Прыемна бачыць, як прыпыняюць ля альтанкі ход аўто з расійскімі нумарамі, як выходзяць з іх пасажыры, падыходзяць да яе і разглядваюць матрошак, якія вітаюць іх і, здаецца, вось-вось выгукнуць: “Добро пожаловать в Беларусь!”. Мы не патрацілі на гэту справу вялікіх сродкаў, проста прыклалі да яе свае рукі і стварылі прыгажосць, якая радуе сэрца і вока кожнага, хто яе бачыць. Гэта ж так проста.
Лідзія ЧАПЯЛОВА