В агрогородке Осинторф Дубровенского района состоялся литературный вечер, посвященный Дню родного языка
У аграгарадку Асінторф з мэтай стварэння ўмоў для далучэння падрастаючага пакалення да культурнай спадчыны беларускага народа, для выхавання і стымулявання цікавасці да беларускай кніжкі, роднага слова, садзейнічання павагі да беларускай культуры праводзяцца розныя мерапрыемствы. Сумесная работа школы і бібліятэкі заўсёды спрыяе выхаванню дзяцей. Вось і нядаўна там была праведзена літаратурна-музычная кампазіцыя “Слава кніжцы беларускай”, якая прысвячалася Міжнароднаму дню роднай мовы.
Зала для правядзення мерапрыемства была своесабліва аформлена: прадметы народных промыслаў вяскоўцаў – ручнікі, вышыванкі і інш. Аформлена кніжная выстава. Каларыт і атмасферу мерапрыемства дапаўняла гучанне беларускіх мелодый.
Свята беларускай кнігі падрыхтавалі бібліятэкары Асінторфскай сельскай бібліятэкі і настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік гуртка “Спадчына” Асінторфскай сярэдняй школы Буян Кацярына Мікалаеўна.
Удзельнікі гуртка “Спадчына” Бераснева Ганна, Кундас Насця, Далгаполава Паліна, Сідарава Таццяна, Журава Насця апавядалі прысутным аб шляху развіцця нашай кнігі і мовы ад старажытнасці да сучаснага перыяду, чыталі вершы на роднай мове.
Бібліятэкар падрыхтавала конкурс беларускіх загадак, прыказак, прымавак, а таксама відыяпрагляд “Вянок беларускіх фальк-лорных танцаў”.
На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі музыка, песні на словы беларускіх паэтаў. Цікавай і непаўторнай была сустрэча гледачоў з мясцовай паэтэсай, у якой шмат вершаў на беларускай мове, Нінай Пятроўнай Міхальчанка. “Песні роднага краю”, “Беларускія стравы”, “Хто мы? Мы — беларусы!”, “Яркая Зорачка”і іншыя вершы напісаны Нінай Пятроўнай.
На мерапрыемстве быў зроблены агляд літаратуры “Сэрцам роднага слова краніся…”, які правяла бібліятэкар Васількова Таццяна Леанідаўна. Агляд літаратуры складаўся з дзвюх частак. У першай – знаёмства з кнігамі-юбілярамі 2013 года. Напрыклад, кніга “Песня пра зубра” М. Гусоўскага адзначае ў гэтым годзе — 190 год, а “Падарожжа па краіне беларусаў” В. Вольскага – 45 год. У другой частцы агляду гледачы пазнаёміліся з сучаснымі аўтарамі і іх творамі, якія ў апошні час паступілі ў бібліятэку.
Школьнікі пазнаёміліся з творамі “Прынцэса тусоўкі” (яе напісаў Яўген Хвалей), “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца” (Алесь Бадак), “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля” (Анатоль Бензерук). Нядаўна ў свет выйшла кніга “Мы – маладыя”. У яе ўвайшлі лепшыя вершы 167 маладых таленавітых літаратараў Беларусі, якія пішуць на рускай і беларускай мовах. Сярод гэтых аўтараў есць вершы і нашай землячкі з Дубровеншчыны Таццяны Прышчэпавай.
Для нас, беларусаў, больш каштоўнага скарбу, як наша беларуская кніжка, літаратура, мова – няма. Мы не павінны забываць адкуль нашы карані, шанаваць нашу мову, літаратуру, традыцыі і культуру.
Галіна БЛАГАДЗЁРАВА, загадчыца Асінторфскай сельскай бібліятэкі.