В Дубровенском районе готовят семена для осеннего сева

Дубровно, Дубровенский, посевная, семена зерновых, травы, райграс

Аснова кармавой базы
Для таго, каб у будучым годзе на запланаваных плошчах правесці залужэнне і перазалужэнне, гаспадаркам раёна неабходна нарыхтаваць 160 тон насення шматгадовых траў, у тым ліку 100 тон злакавых і 60 тон бабовых траў.

Як сведчыць аператыўная інфармацыя райсельгасупраўлення, з пастаўленай задачай па нарыхтоўцы насення злакавых траў гаспадаркі паспяхова справіліся. У цэлым па раёне яго нарыхтавана звыш 100 тон.
Як паведаміла галоўны аграном райсельгасупраўлення па насенневодству і кормавытворчасці Ларыса Віктараўна Зайцава, самы багаты ўраджай насення злакавых траў вырасцілі ў ААТ “Гігант-Агра”. Тут на 30 гектарах вырошчвалі райграс пашавы, палетак быў засеяны суперэлітным насеннем. У выніку з кожнага гектара сабралі ў сярэднім па 4 цэнтнеры насення ў чыстай вазе (гэты паказчык у 2,5 раза вышэй за сярэднераённы), а ўсяго намалацілі 12 тон высакаякаснага насення ў чыстай вазе.

Самы вялікі валавы намалот насення злакавых траў ў ААТ “Баброва-Агра” — 30 тон у чыстай вазе. Такую колькасць насення купкоўкі і цімафееўкі тут сабралі з 250 гектараў.
12 тон насення злакавых траў з 47 гектараў намалацілі ў КУСГП “Зарубы”.

ААТ “Каманіна”, “Прыдубровенскае” і КУСГП “Першамайскае” пачалі абмалот насеннікаў канюшыны, пад якой ў цэлым па раёне занята 730 гектараў. Мінімальная задача, якая пастаўлена перад сельгаспрадпрыем-ствамі — намалаціць 60 тон насення канюшыны, якога хопіць, каб правесці залужэнне і перазалужэнне.

Што ў насенных засеках?
Набліжаюцца аптымальныя тэрміны сяўбы азімых збожжавых пад ураджай 2013 года. Як забяспечаны гаспадаркі раёна насенным матэрыялам гэтых культур? На такое пытанне наш карэспандэнт папрасіў адказаць галоўнага агранома райсельгасупраўлення па насенневодству Ларысу Віктараўну ЗАЙЦАВУ.

—У цэлым па раёне для таго, каб засеяць палеткі, адведзеныя пад азімыя культуры, у гаспадарках раёна ўжо засыпана звыш 4 тысяч тон насення, у тым ліку 2614 тон пшаніцы, 1150 тон жыта і 360 тон трыцікале. З гэтай колькасці 2079 тон ўжо ачышчана ад прымесяў. Пераважная большасць гаспадарак укладваецца ў графік ачысткі насення.

Праўда, у апошнія дні работы па ачыстцы азімых некалькі прытармазіліся, бо пераважная большасць гаспадарак пераключылася на ачыстку піваварнага ячменю для паставак у лік дзяржзаказу.

—Што канкрэтна робіцца ў раёне па сортаабнаўленню?
—Згодна разнарадкі абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы, нашаму раёну з элітгасаў вобласці выдзелена 180 тон элітнага насення, у тым ліку 140 тон азімай пшаніцы, 30 тон жыта і 10 тон трыцікале.

Праўда гэтай колькасці недастаткова, каб належным чынам палепшыць рэпрадуктыўны склад насення і, у першую чаргу, жыта. Таму ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання накіравала заяўку ў рэспубліканскае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Шэпені АСК”, якое размешчана ў Смалявіцкім раёне, з просьбай рэалізаваць гаспадаркам раёна 70 тон элітнага насення жыта.

ААТ “Усход-Чырына” мае намер набыць насенне жыта высокіх рэпрадукцый у адной з гаспадарак Нясвіжскага раёна, а КУСГП “Арловічы” — у Віцебскай абласной меліярацыйнай станцыі.
Словам, у гаспадарках раёна прымаюцца меры, каб засеяць 14 тысяч гектараў, адведзеных пад азімыя збожжавыя, якасным насеннем.

А.КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *