Президент Александр ЛУКАШЕНКО: «За лён будем требовать не меньше, чем за зерно»
Культура, якая адлюстравана на гербе рэспублікі, не павінна паўтарыць лёс бульбы. У трохгадовы тэрмін прадпрыемствы льняной галіны трэба вывесці на рэнтабельную работу.
Такую задачу паставіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 22 верасня ў час наведвання ААТ “Дубровенскі льнозавод”, дзе адбылося абмеркаванне перспектывы развіцця льнаводчай галіны краіны.
Становішча спраў у льнаводстве на ўзроўні кіраўніка дзяржавы ў гэтым годзе разглядалася ў другі раз. Першы раз — у сакавіку на нарадзе, якая адбылася на Аршанскім ільнокамбінаце. Тады сітуацыя ў ільнаводчай галіне была разгледжана дэталёва, Прэзідэнт краіны паставіў канкрэтныя задачы. Што зроблена з моманту прыняцця рашэнняў? Да чаго паспелі прыйсці за апошнія шэсць месяцаў? Як бачыцца перспектыва развіцця? Гэтыя пытанні пры наведванні Дубровенскага льнозавода Аляксандр Лукашэнка адрасаваў віцэ-прэм’еру Івану Бамбізе, міністру сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаілу Русаму, старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандру Косінцу. Менавіта на Віцебшчыне сканцэнтраваны асноўныя магутнасці па вырошчванню і перапрацоўцы лёну.
Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прысутных, адразу адзначыў, што “засталося дзве тэмы, якія не паглядзелі па-буйному — гэта льнавытворчасць і цукровыя буракі”. Што датычыцца лёну, то Аляксандр Лукашэнка сказаў, што зыходзячы з інфармацыі, якую ён атрымлівае, пакуль “працуем вельмі дрэнна”.
“Лёну ў Беларусі быць. Я не хачу, каб мы паўтарылі сітуацыю з бульбай”, — падкрэсліў Прэзідэнт, маючы на ўвазе тое, што цяпер даводзіцца аднаўляць у Беларусі вытворчасць гэтай культуры з-за няправільных рашэнняў, прынятых некалькі дзесяцігоддзяў таму. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што лён у Беларусі мае своеасаблівае палітычнае значэнне, бо адлюстраваны на гербе рэспублікі. “За лён будзем патрабаваць не менш, чым за збожжа”, — падкрэсліў Прэзідэнт.
І гэта невыпадкова. Ільняная сыравіна карыстаецца вялікім попытам на знешніх рынках, а да традыцыйна высокага попыту ў бягучым годзе дабавіўся яшчэ і фактар неўраджаю гэтай культуры ў іншых еўрапейскіх краінах. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нават калі будуць закрыты знешнія рынкі, то неабходна айчыннае валакно перапрацаваць у тканіны і забяспечыць пасцельнай бялізнай і іншымі вырабамі з лёну армію, установы аховы здароўя, дзіцячыя ўстановы. У якасці прыкладу ён заўважыў, што сам выкарыстоўвае пасцельную бялізну з лёну.
Для таго, каб значна палепшыць работу па вытворчасці якаснай ільняной прадукцыі, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец унёс на разгляд Прэзідэнта прапанову аб стварэнні на Віцебшчыне холдынга па вытворчасці і перапрацоўцы лёну на базе Аршанскага льнокамбіната.
Плануецца, што ў склад холдынга ўвойдуць ільнозаводы, якія маюць свае сыравінныя зоны, а таксама ўласная тавараправодная сетка ў Беларусі і за мяжой. Акрамя таго, у рамках холдынга будзе наладжана ўзаемадзеянне з ільнонасенстанцыямі рэспублікі, Інстытутам лёну НАН Беларусі, швейнымі фабрыкамі, банкаўскім сектарам. Аляксандр Лукашэнка даручыў зацікаўленым бакам дасканала прапрацаваць усе пытанні і да красавіка будучага года павінны быць сфарміраваны структуры задуманага холдынга.
Аляксандр Косінец паведаміў таксама, што плануецца мадэрнізацыя і аптымізацыя льноперапрацоўчых прадпрыемстваў Віцебшчыны. Сем ільнозаводаў, на якіх эканамічна нявыгадна праводзіць мадэрнізацыю, неабходна закрываць, а на дванаццаці застаўшыхся будзе зманціравана 17 новых вытворчых ліній для перапрацоўкі лёну.
“На ўсё — тры гады” — такі тэрмін адводзіць Прэзідэнт для рэалізацыі ўсіх праектаў у льнаводчай галіне. “Праз тры гады ўсе прадпрыемствы льняной галіны Беларусі павінны выйсці на рэнтабельную работу”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
І ў гэтым плане ўжо зроблены пэўныя крокі наперад. У гэтым годзе на Віцебшчыне вырашчаны добры ўраджай лёну, палепшылася аснашчанасць прадпрыемстваў сучаснай тэхнікай для ўборкі даўгунцу, зроблены крок наперад у паляпшэнні тэхналогіі вырошчвання і ўборкі лёну.
У час наведвання Дубровенскага льнозавода кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з экспазіцыямі разнастайнай прадукцыі з лёну, сучасным машынным комплексам для вырошчвання і ўборкі гэтай культуры, тэхналогіяй перапрацоўкі льнотрасты. Увазе Прэзідэнта краіны таксама была прадстаўлена выстаўка сельскагаспадарчай тэхнікі, што вырабляецца на прадпрыемствах Віцебшчыны.
У час наведвання Прэзідэнтам Дубровенскага льнозавода абмяркоўваліся і іншыя праблемы развіцця аграпрамысловага комплексу.
Дакладваючы Прэзідэнту краіны аб дасягненнях аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны, старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец паведаміў, што агульная рэнтабельнасць сельгасвытворчасці ў гэтым годзе з улікам дзяржаўных датацый складзе 7,5 працэнта, без датацый — мінус 6 працэнтаў. Прэзідэнт краіны паставіў задачу перад сельскімі працаўнікамі Віцебшчыны выправіць сітуацыю і ў будучым годзе выйсці на рэнтабельную работу без дзяржаўных датацый, як ужо працуюць аграпрамысловыя комплексы Брэстчыны і Гродзеншчыны.
Абмяркоўваючы пытанні стварэння трывалай кармавой базы для жывёлы, Прэзідэнт падкрэсліў, што самым вузкім месцам у кормавытворчасці з’яўляецца востры недахоп сховішчаў для захоўвання кармоў. Не вырашыўшы гэтую праблему, марна разлічваць на далейшы рост вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.
Закрануў Прэзідэнт і тэму культуры земляробства. Аляксандр Косінец далажыў кіраўніку дзяржавы аб той вялікай рабоце, якая праводзіцца на Віцебшчыне па рэалізацыі праграмы “Чыстыя палі”. Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку культуры земляробства на Дубровеншчыне, мяркуючы па палетках, якія яму давялося бачыць у час праезду па тэрыторыі раёна. Таму невыпадкова, што сёння старшыня райвыканкама Анатоль Іванавіч Лукашоў на галоўнай сцэне рэспубліканскіх “Дажынак” у Лідзе атрымаў з рук Прэзідэнта краіны дыплом за перамогу ў рэспубліканскім спаборніцтве ў аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”. Нагадаем, што наш раён лепшы ў вобласці па развіцці льнаводства, займае другое месца па вытворчасці збожжа і ў ліку лепшых па забяспечанасці жывёлы кармамі. Усё гэта — вынік паляпшэння культуры земляробства.
Андрэй КВІР