На базе Дубровенского района прошло выездное занятие для слушателей курсов повышения квалификации председателей сельисполкомов

Дубровенскі раён неаднаразова станавіўся пляцоўкай для рэспубліканскіх і абласных нарад, семінараў, аналітычных і  практыкаарыентаваных мерапрыемстваў. Вялікая вага ў падрыхтоўцы і правядзенні гэтых мерапрыемстваў належыць раённаму Савету дэпутатаў. Так, у 2018 і 2019 годзе наш раён прымаў удзельнікаў выязнога прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. А днямі да нас завітала група слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі старшынь сельвыканкамаў, якія праходзяць у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у Мінску. Амаль тры дзясяткі прадстаўнікоў з кожнай вобласці нашай краіны праехалі доўгі шлях, для таго каб даведацца, як працуюць сельвыканкамы Дубровеншчыны, вывучыць вопыт іх працы і падзяліцца сваімі здабыткамі ў гэтай рабоце.

Пачаўся выязны практычны занятак з плянарнага пасяджэння, на якім старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Ціханава пазнаёміла калег з асаблівасцямі геаграфічнага распалажэння, гісторыяй і сучасным становішчам раёна. Затым яна падрабязна расказала пра ролю і месца выканаўчых і распарадчых органаў улады ў сацыяльна-эканамічным развіцці Дубровенскага раёна.

Алена Віктараўна расказала пра вопыт правядзення Дней сельскага Савета. Яна падкрэсліла, што гэты фармат дапамагае выявіць і аператыўна вырашыць праблемы, якія паўстаюць перад жыхарамі таго ці іншага населенага пункта. Пры гэтым яна адзначыла, што менавіта такая форма работы дазваляе ў поўнай меры задзейнічаць супрацоўніцтва ўсіх неабходных для вырашэння пытання рэсурсаў.

Гэта супрацоўніцтва працягваецца і пры правядзенні добраўпарадкавання тэрыторый і падтрымкі парадка і чысціні ў населеных пунктах. А таксама ў рэканструкцыі і рамонце помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны.

Затым слухачы змаглі ўдакладніць моманты, якія іх асабліва зацікавілі ў аповедзе Алены Віктараўны. На пасяджэнні прысутнічалі так сама намеснікі старшыні райвыканкама Святлана Рыжанская, Сяргей Палуйчык і Аляксандр Шатраўка, начальнікі ўсіх аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, якія давалі больш пашыраныя адказы па кожным пытанні. А яны былі разнастайныя: ад фарміравання бю­джэта сельвыканкама да правядзення дзяржзакупак і асвятлення вуліц у населеных пунктах.

Арганізатары падкрэслілі, што занятак носіць менавіта практычны напрамак, таму гасцям прапанавалі вельмі насычаную праграму наведвання Дубровенскага раёна. Яна была разнастайнай і стала своеасаблівай ілюстрацыяй работы, якая право­дзіцца па агучаных Аленай Ціханавай напрамках.

Вельмі зацікавіла гасцей дзейнасць КУП «Бахава», з якой іх падрабязна пазнаёміў старшыня Малабахаўскага сельвыканкама Віктар Кузьмянкоў. Ён паслядоўна расказаў этапы стварэння гэтага прадпрыемства, пра цэнаўтварэнне на паслугі, забеспячэнне тэхнікай і выкананых за чатыры гады аб’еёмах.

Затым курсанты Акадэміі кіравання пазнаёміліся з работай ААТ «Дубровенскі льнозавод» і музеем, які створаны пры гэтым прадпрыемстве. Пасля праграма прадугле­джвала знаёмства з арганізацыяй работы гасцінічнага комплексу ТАА «М-1 компани».

Завяршыўся візіт слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі знаёмствам з гісторыяй стварэння і рэканструкцыяй мемарыяльнага комплексу «Рыленкі», пра якія расказаў Аляксандр Шатраўка, а затым адбылося ўскладанне кветак да адноўленага мемарыяла.

Удзельнікі практычнага выязнога занятка адзначылі вялікі аб’ем і карысць інфармацыі, якую яны змаглі атры­маць за дзень работы ў Дубровенскім раёне.  Да таго ж яны адзначылі, што группу суправаджалі старшыні сельвыканкамаў Дубровенскага раёна, і па таму, як яны ўдзельнічалі ў абмеркаванні пытанняў пад час наведвання аб’ектаў, як дапаўнялі і падтрымлівалі адзін аднаго, госці зрабілі выснову, што напрацаваная сістэма супрацоўніцтва ў раёне дзейсная і выніковая.

 Алена КАРСАКОВА