Лучшие условия охраны труда в районе создали в Дубровенском райагросервисе

Дубровно, Дубровенский район, Беларусь, Международный день охраны труда, труд, работа, безопасность, человек, закон

Дзень 28 красавіка па рашэнні Міжнароднай арганізацыі працы (МОП) абазначаны як Сусветны дзень аховы працы.

У Рэспубліцы Беларусь ахова працы на вытворчасці рэгламентуецца Законам аб ахове працы, які быў прыняты Палатай прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у 2008 годзе, і адпаведным артыкулам 227 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Аб тым, як выконваюцца асноўныя палажэнні гэтых нарматыўных актаў аб ахове працы у нашым раёне, апавядае галоўны спецыяліст сектара сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дубровенскага райвыканкама Людміла Аляксандраўна СТРЫГІНА.

Ахова працы — гэта сістэма забеспячэння бяспекі жыцця і здароўя работнікаў ў працэсе працоўнай дзейнасці, якая ўключае прававыя, сацыяльна-эканамічныя, арганізацыйныя, санітарна-гігіенічныя і іншыя мерапрыемствы і сродкі. У кожным працоўным калектыве, дзе больш за 100 работнікаў, ёсць спецыялісты па ахове працы, — гаворыць Людміла Аляксандраўна. — Такіх арганізацый у нас 24, аднак спецыялістаў — 26, паколькі ў некаторых іншых масавых калектывах, дзе колькасць працуючых крыху менш сотні чалавек, таксама ёсць спецыялісты па ахове працы, напрыклад, у ААТ “Аўтапарк № 12 г.Дуброўна”, філіял РУП “ДРБУ-108”.

У астатніх арганізацыях і калектывах абавязкі адказнага па ахове працы ўскладзены на самога кіраўніка або асобу, якую ён прызначае сваім загадам (у прыватнасці, на галоўнага інжынера, любую іншую асобу, у абавязкі якой ўваходзіць кантроль за захаваннем бяспечных умоў працы).

Гэтыя людзі павінны сачыць і весці кантроль за тым, як працуе гэта сістэма бяспекі жыцця і здароўя работнікаў у працэсе працоўнай дзейнасці: каб рабочае месца працуючага адпавядала правілам па ахове працы, праводзяць абучэнне (інструктаж) бяспечным метадам працы і праверкі па ахове працы і многія іншыя мерапрыемствы. Там, дзе гэта работа наладжана адпаведным чынам, практычна не бывае надзвычайных сітуацый, фактаў траўматызму.

У якасці станоўчага прыкладу можна прывесці ААТ “Дубровенскі райаграсервіс”, дзе работу па ахове працы арганізуе А.В.Мякінікава. Нядаўна ў ААТ “Баброва-Агра” работу па ахове працы “узяў у свае рукі” В.В.Сычоў. Ёсць пэўныя зрухі ў лепшы бок. Гэта радуе нас.

Штогод мы праводзім раённы конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. У мінулым годзе 1 месца было прысуджана ААТ “Дубровенскі райаграсэрвіс” (сярод калектываў, дзе працуюць больш за 100 чалавек) і РВУ “Дуброўнарайгаз” (менш 100 чалавек).

Вынікі конкурсу падводзяцца на пасяджэнні раённай камісіі па ахове працы, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама М.М.Рандарэвіч.

У рамках захавання заканадаўства па ахове працы сумесна з Аршанскай міжраённай інспекцыяй аховы працы мы праводзім маніторынгі, у працэсе якіх наведваем працоўныя калектывы, стараемся не толькі вывучаць стан спраў па ахове працы, але і папярэджваць парушэнні яе патрабаванняў, аказваем дапамогу спецыялістам, якія займаюцца гэтымі пытаннямі.

Так, ужо ў студзені-сакавіку 2012 года мабільная група з ліку ўдзельнікаў маніторынгу пабывала ў 17 працоўных калектывах, дзе выявіла 46 парушэнняў аховы працы. 23 парушэнні былі ліквідаваны па патрабаванні мабільнай групы на месцы.

Члены міжраённай інспекцыі аховы працы выязджаюць на праверкі не толькі згодна каардынацыйнага плана, але і па скаргах, якія паступаюць да іх. З пачатку года было разгледжана 10 зваротаў, па многіх былі ўстаноўлены факты парушэнняў аховы працы.

Відавочна, што актывізацыя работы па ахове працы дае нядрэнныя вынікі. З 2002 года паступова зніжаецца траўматызм на вытворчасці. Калі ў 2002 годзе было зарэгістравана 16 няшчасных выпадкаў, то ў 2005 — 11, 2011 — 3 выпадкі. Выпадкаў са смяротным зыходам, пачынаючы з 2003 года, зарэгістравана не было. На жаль, нярэдка няшчасныя выпадкі на вытворчасці адбываюцца па віне саміх пацярпеўшых, асабліва, калі тыя знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення і не кантралююць свае ўчынкі.

Шматлікія няшчасныя выпадкі на вытворчасці і прафесійныя захворванні прыводзяць да цяжкіх наступстваў і пакут многіх людзей. Па дадзеных МОП штогод у свеце больш за 2 мільёны работнікаў гінуць на вытворчасці або ў выніку працоўнай дзейнасці. Эканамічныя страты дасягаюць 4% валавога ўнутранага прадукта сусветнай эканомікі і ў грашовым выражэнні перавышаюць 1,25 трыльена долараў ЗША.

Памятайце, сябры, што захаванне заканадаўства ў сферы аховы працы і прамысловай бяспекі стане залогам захавання самага каштоўнага — чалавечага жыцця, што дазволіць дзецям расці ў паўнацэнных сем’ях і быць шчаслівымі.

Падрыхтавала Лідзія ЧАПЯЛОВА
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *