Кранальна і пранікліва гучала ў школах Дуброўна «Жывая класіка»

Кніга – дакладны і нязменны наш спадарожнік. Яна застаецца галоўнай крыніцай, з якой мы чэрпаем веды. Нездарма Канстанцiн Паўстоўскі пісаў: «Чытайце! І няхай у вашым жыцці не будзе ніводнага дня, калі б вы не прачыталі хоць адной старонкі з новай кнігі!».
Дарогу, якая прывядзе да кнігі, шукаць неабходна. Адна з такiх магчымасцяў для юных чытачоў – удзел конкурсе чытальнікаў. 20 красавiка ў сярэдняй школе №1 г.Дуброўна ім.А.Нікандравай прайшоў раённы этап республiканскага творчага конкурсу юных чытальнiкаў «Жывая класiка».

Асноўная мэта конкурсу – павышэнне цікавасці хлопчыкаў і дзяўчынак да чытання кніг, а таксама пашырэнне чытацкага кругагляду дзяцей, пошук і падтрымка таленавітых дзяцей.
У гэтым годзе канкурэнцыя атрымалася неабыякай. На месцы фіналістаў прэтэндавалі 32 вучнi з Буды, Дабрыні, Заруб, Калінаўкі, Асінторфа і Дуброўна ў чатырох узроставых катэгорыях: 1–4 класы; 5-6 класы; 7-8 класы і 9-10 класы. Рэпертуар канкурсантаў быў разнастайны — ад народнага паэта Якуба Коласа да мясцовай паэткі Ніны Міхальчанкі.
Выступленні юных чытальнікаў ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі: метадысты Дубровенскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Аксана Будаёва і Алена Дзямiдава, загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці і педагог арганізатар Дубровенскага раённага цэнтра дзяцей i моладзі Алена Заўялава і Ірына Лабейка.


Важна адзначыць, што журы асаблівую ўвагу надавала выбару зместу і накіраванасці твора, глыбiні пранiкнення ў вобраз і сэнс твора, і ,вядома, артыстызму выканання.
Атмасфера ў зале была ўрачыстая і крыху хвалюючая, але канкурсанты справіліся са сваімі эмоцыямі. Выступленні канкурсантаў у большасці выпадкаў суправаджаліся музыкай, тэматычнымі фотапрэзентацыямі, якія раскрывалi задуму падрыхтаваных вершаў. Атрымаўся цікавы конкурс творчых талентаў вучняў. Нягледзячы на свой узрост, яны прачыталі складаныя творы, здолелі перадаць настрой аўтара і сваім чытаннем заваяваць слухачоў. Вершы, прадстаўленыя канкурсантамі, зрабілі на журы незгладжальнае ўражанне.
Нялёгкім рашэннем для членаў журы стаў выбар чатырох найлепшых чытальнікаў, якія павінны прадставіць Дубровеншчыну на абласным этапе конкурсу. Пераможцамі раённага этапу рэспублiканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класiка» сталі Эмілія Дземянкова (1-4 класы), Яўген Пруднікаў (5-6 класы), Цімашэўская Дзіяна (7-8 класы), Кацярына Кубракова (9-10 класы).
Ад усёй душы віншуем пераможцаў і жадаем удачы і далейшых творчых поспехаў!
Таццяна БАЗЫЛЕВА.