«Гонар Дубровеншчыны» — новая зала раённага гісторыка-краязнаўчага музея
Скураны туфель 62-га памеру, драўляны лялечны ППШ, спартыўныя ўзнагароды, прылады мастакоў, копіі архіўных дакументаў і макеты рэактыўных апаратаў…
Калі вы не ведаеце, да чаго маюць дачыненне гэтыя рэчы, абавязкова наведайце раённы гісторыка-краязнаўчы музей.
Падчас святкавання дня ўтварэння Дубровенскага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыйнай залы музея.
Сярод першых наведвальнікаў былі член Савета Рэспублікі Юрый Дзеркач, кіраўніцтва раёна, жыхары і госці горада. Удзельнічаў у адкрыцці залы «Гонар Дубровеншчыны» і чалавек, звесткі пра якога з’яўляюцца часткай экспазіцыі, — Ганаровы грамадзянін горада Дуброўна, генеральны дырэктар холдынга «Марка» Мікалай Мартынаў.
Ён адзначыў, што стварэнне такіх музеяў — вялікая справа і падзякаваў, што людзі ведаюць і памятаюць добрыя справы, якія робяць знакамітыя землякі.
— Любыя шляхі вядуць да вытокаў. Веданне гісторыі роднай зямлі, рода звязваюць з малой радзімай. А добрыя справы для яе дабрабыта робяць гэту сувязь непарыўнай. І вось такая адзнака нашых намаганняў натхняе на далейшую працу, — сказаў Мікалай Мартынаў.
Анатоль Лукашоў, старшыня райвыканкама, ўзнагародзіў ганаровай граматай таленавітага мастака-земляка Васіля Сватоўскага, які шмат робіць для захавання ў мастацкіх вобразах ваеннай гісторыі нашага краю.
Святлана Рыжанская, намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама, старшыня РА РГА «Белая Русь», перадала ў музей новы экспанат — залаты медаль зямлячкі Алесі Туравай, які яна атрымала ў 2002 годзе ў Гданьску, калі ўстанавіла міравы рэкорд у беге на 3000 метраў з перашкодамі.
Затым адбылася першая экскурсія, падчас якой дырэктар музея Лізавета Лялікава падрабязна пазнаёміла гасцей з кожным стэндаі і экспанатам новай залы.