В Лядах идёт главная стройка района
Да пачатку зімы завяршыць мантаж жалезабетонных канструкцый усіх жывёлагадоўчых памяшканняў: такая задача пастаўлена перад будаўнікамі, якія задзейнічаны на ўзвядзенні новай жывёлагадоўчай фермы, непадалёку ад аграгарадка Ляды. Аб гэтым мы даведаліся, пабываўшы на будаўнічай пляцоўцы ў мінулую сераду, 22 верасня. У гэты дзень тут адбылося пасяджэнне аператыўнага штаба будоўлі, якое вёў старшыня райвыканкама Анатоль Іванавіч ЛУКАШОЎ.
Пасяджэнне пачалося з прыемнай навіны, якую паведаміў дырэктар РКУП “Дубровенскае УКБ” Віктар Аляксандравіч Кавалеўскі. Нарэшце ўдалося вырашыць фінансавыя праблемы будоўлі, якія ў жніўні ўзніклі ў сувязі з фінансавым крызісам у нашай краіне. Усім падрадным арганізацыям, якія задзейнічаны на будаўніцтве фермы, напярэдадні пасяджэння штаба былі пералічаны грошы за фактычна выкананыя аб’ёмы работ за папярэднія два месяцы і выдадзены авансы для выканання запланаванага аб’ёму работ у кастрычніку.
Таму на гэты раз у ходзе пасяджэння штаба не абмяркоўваліся сур’ёзныя праблемы, якія істотна перашкаджаюць ходу будаўнічых работ, а вялася рабочая карэкціроўка праекта асобных аб’ектаў будоўлі. У прыватнасці, галоўны заказчык будоўлі, дырэктар КУСГП “Прыдняпроўскі” Валерый Віктаравіч Пыркін унёс прапанову правесці некаторыя змяненні ў праекце пры будаўніцтве каналізацыйнай сістэмы. Было прынята рашэнне аб будаўніцтве сенасховішча. Пэўныя карэкціроўкі будуць унесены пры будаўніцтве сянажных траншэй.
Дырэктар РКУП “Дубровенскі УКБ” звярнуў увагу кіраўнікоў БУ-40 на неабходнасць больш строгага кантролю за якасцю паступаючых на будоўлю жалезабетонных канструкцый, не дапускаць у далейшым перавозу жалезабетонных пліт на аўтасамазвалах, бо гэта можа быць прычынай іх пашкоджання. Што, дарэчы, і здарылася ў той дзень: пасля разгрузкі жалезабетонных пліт, дастаўленых аўтасамазвалам, адна з іх была пашкоджана.
На пасяджэнні штаба ішла размова аб неабходнасці паскарэння тэмпаў будаўніцтва з такім разлікам, каб да пачатку зімы завяршыць мантаж жалезабетонных канстукцый усіх жывёлагадоўчых і падсобных памяшканняў па ўсяму перыметру, а ў зімовы перыяд весці работы па ўцяпленню даха і накрыццю яго шыферам, устанаўліваць вокны, навеш-ваць вароты, па магчымасці праводзіць будаўнічыя работы і мантаж абсталявання ўнутры памяшканняў.
Укласціся ў такі графік работ, па словах дырэктара РКУП “Дубровенскі УКБ” Віктара Аляксандравіча Кавалеўскага для будаўнікоў з Горак, рэальная справа. У гэтыя дні ААТ “Будаўнік” г.Горкі дастаўляе штодзень на будоўлю фермы звыш 70 чалавек. Нагадаю, што гэтая арганізацыя з’явілася на будаўнічай пляцоўцы ў пачатку ліпеня па просьбе кіраўніцтва раёна, бо генпадрадчык БУ-40 Аршанскага трэста № 18 не ўкладваўся ў графік будаўніцтва. За тры месяцы будаўнікі з Горак паспелі выканаць значна большы аб’ём работ, чым іх калегі з БУ-40 і БУ-41 Аршанскага будтрэста № 18 і нашай ПМК-53 разам узятыя.
Будаўнікі з Горак ужо завяршаюць будаўнічыя работы па ўзвядзенню памяшкання малочнага блока і плануюць да 1 лістапада здаць яго пад мантаж абсталявання. На 90 працэнтаў выкананы работы па мантажу жалезабетонных канструкцый цялятніка на 380 галоў. Акрамя таго, у гэтым памяшканні заканчваюцца работы па заліўцы бетонам стойлаў. Зманціраваны з жалезабетонных канструкцый каркас цялятніка на 260 галоў, і на 50 працэнтаў тут укладзены пліты перакрыццяў. Побач з гэтымі памяшканнямі завяршаюцца работы па закладцы падмурка пад памяшканне для ўтрымання цялушак. Відавочна, у бліжэйшы час тут прыступяць да мантажу жалезабетонных канструкцый.
Акрамя таго, будаўнікі з Горак ужо заклалі падмурак пад памяшканне санпрапускніка, вядуць работы па мантажу сянажнай траншэі. Падкрэслім, што гэты аб’ём работ супрацоўнікі ААТ “Будаўнік” г.Горкі выканалі менш, як за тры месяцы.
А што зрабілі будаўнікі БУ-40 Аршанскага будтрэста № 18, якія першымі прыступілі да будаўніцтва фермы яшчэ ў красавіку? За гэты час яны паспелі закласці падмурак пад кароўнік № 2 і частку падмурка пад кароўнік №1, на дзве трэці зманціравалі каркас кароўніка №2 з жалезабетонных канструкцый і прыступілі да мантажу адной з шасці сянажных траншэй, якія падрадзіліся пабудаваць.
Іх калегі з БУ-41, якія з’явіліся на будаўнічай пляцоўцы адначасова з будаўнікамі з Горак, пакуль, вобразна кажучы, капаюцца ў зямлі — закладваюць падмурак пад памяшканне, якое будзе служыць радзільным аддзяленнем для дойнага статка.
Дубровенская ПМК-53, якая таксама прымае ўдзел у будаўніцтве фермы, заклала частку падмурака пад кароўнік № 1. Тут усё гатова для мантажу каркаса памяшкання з жалезабетонных канструкцый.
Як бачым, з чатырох зманціраваных каркасаў памяшканняў, тры — на рахунку будаўнікоў з Горак.
—Уявіце, якая сёння была б сітуацыя на будаўніцтве гэтай фермы, калі б кіраўніцтва раёна своечасова не запрасіла на дапамогу ААТ “Будаўнік”, — гаворыць Віктар Аляксандравіч Кавалеўскі. — Прынятыя меры па прыцягненню на будоўлю дадатковых сіл, даюць падставы спадзявацца, што будаўніцтва фермы будзе завершана ў вызначаныя тэрміны — да ліпеня будучага года.
Віктар Аляксандравіч Кавалеўскі расказаў, што ўжо зроблены пэўныя заказы на пастаўку абсталявання, у прыватнасці спецыяльнай агароджы ў малочны блок і ў цялятнікі. Работнікі “Белэлектрасетак” узвялі пабудову трансфарматарнай падстанцыі, і ўжо зроблены заказ на Мінскі завод імя Казлова на пастаўку абсталявання для электрападстанцыі.
Як бачым, будаўніцтва фермы непадалёку ад аграгарадка Ляды ідзе поўным ходам. Ці змогуць будаўнікі сёлета выканаць задачу мінімум — узвесці ўсе памяшканні пад дах — пакажа час. Аб сітуацыі на галоўнай будоўлі раёна мы будзем перыядычна расказваць і ў далейшым.
Андрэй КВІР