Прыгожы падарунак Дубровеншчыне

Дубровно, дубровенский, песня

Слава пра Міжнародны фэст песні й музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” ідзе далёка за межы Айчыны. Ён становіцца крыніцай натхнення не толькі для ўдзельнікаў, але і для ўсіх, хто дакранаўся да яго ўзнікнення і сталення, хто па праву нараджэння ці па стане душы лічыць сябе дубровенцам.
Сёлета ў фэста з’явілася яшчэ адна імянная песня “Дняпроўскія хвалі” на вершы ўраджэнца Дуброўна Міхаіла Рыбакова: яго ведаюць сябры шэрагу беларускіх суполак у замежжы. Міхаіл Леанідавіч падтрымліваў з імі сувязі, бываў там і госцем яшчэ працуючы ў апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Ён кіраваў Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, а з часам узначаліў Беларускі культурны цэнтр у Польшчы (Варшава). Музыку да яго верша напісаў кампазітар, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны. І прэм’ернае выкананне было на вышыні: спяваў Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Генадзя Цітовіча.
Песня стала прыгожым падарункам фэсту ад Міхаіла Рыбакова ды вядомых дзеячаў беларускай культуры ў Год малой радзімы. “Дняпроўскія хвалі стагоддзі люляюць напевы,/ Нясуць іх павольна паміж узбярэжных крыніц…” — так пачынаецца песня. Паводле слоў дубровенца, першая версія фестывальнай песні з’явілася 20 гадоў таму: Міхаіл працаваў тады сакратаром Дубровенскага райкама Беларускага патрыятычнага саюза моладзі. Аднак у 1998-м да выканання песні на фестывальнай сцэне справа не дайшла. “Тады я напісаў некалькі вершаў, прысвечаных роднаму гораду, — прыгадвае Міхаіл Леанідавіч. — Наш фэст набіраў абароты, і нешта выкарыстоўвалася пры падрыхтоўцы сцэнараў, штосьці трапіла на вокладку інфабуклета пра Дубровенскі раён. Адзін з вершаў стаў песняй “Мой родны Дуброўна”: музыку напісаў тагачасны дырэктар РДК Сяргей Бяркозаў — ён жа й выконваў песню дуэтам з Ліліяй Кандраценкай”.
Што да “фестывальнай” песні, то пад яе, лічыць аўтар, патрабаваўся вялікі харавы калектыў, і яна нібыта чакала свайго часу.
Новым штуршком да таго, каб усё ж стварыць песню пра фэст і для фэсту, па словах Міхаіла, стаў Год малой радзімы ў Беларусі. Мерапрыемства пачалося адметнае: 625-годдзе горада і 25-гадовы юбілей фэсту. І тут, як кажуць, усе зоркі сышліся. Ідэю стварэння фэст-песні падтрымаў Міхаіл Дрынеўскі. Вершы аўтар дапрацаваў пад стыль хору імя Генадзя Цітовіча, Леанід Захлеўны напісаў музыку. “На развучванне і запіс песні было мала часу: лічаныя дні, — згадвае Міхаіл. — Не будучы цалкам упэўненымі, што ўдасца зрабіць прэм’еру на фэсце, яе й не анансавалі. Вырашылі: калі ўсё атрымаецца, то хай гэта будзе сюрпрыз”.
І сюрпрыз атрымаўся! Дырыжаваць выкананне песні “Дняпроўскія хвалі” выйшаў сам народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Дрынеўскі. Песня ўдала завяршыла галаканцэрт фэсту: яе словы і вынікі яго падводзяць, і запрашаюць гасцей, удзельнікаў сустракацца зноў на гасціннай зямлі, на фэсце ў Дуброўне. “Хочацца, каб кожны памятаў пра сваю малую радзіму, дарыў ёй сваю любоў і ганарыўся роднымі мясцінамі — бо, як вядома, менавіта з такіх куточкаў і складаецца наша любімая Беларусь, — гаворыць Міхаіл Рыбакоў. — А яна, Бацькаўшчына, такая, якой мы яе самі ствараем.”
Рыгор ГАРЭШКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *