Кто «лечит» дороги Дубровенщины?
Дарогі называюць артэрыямі жыцця. У наш век аўтамабільнага бума яны набылі выключна важнае народнагаспадарчае і сацыяльнае значэнне. Ад стану дарожнага палатна і дарожнай інфраструктуры залежыць не толькі бяспека дарожнага руху, але і прапускная здольнасць дарог, настрой удзельнікаў дарожнага руху. У нашым раёне ўвесь комплекс работ на дарогах мясцовага значэння — будаўніцтва новых, рамонт і рэканструкцыя існуючых транспартных артэрый, а таксама работы па падтрымцы іх у добрым тэхнічным стане — выконвае калектыў ДРБУ-108. Працягласць дарог, якія абслугоўвае гэта арганізацыя, складае 488 кіламетраў, 186 кіламетраў з якіх маюць асфальтабетоннае пакрыццё.
Аб тым, які аб’ём работ выканаў калектыў ДРБУ-108 у гэтым годзе і якімі вытворчымі паказчыкамі дарожнікі сустракаюць сваё прафесійнае свята, наш карэспандэнт папрасіў расказаць дырэктара філіяла “Дубровенскае ДРБУ-108” КУП “Віцебскаблдар” Уладзіміра Часлававіча Чантарыцкага.
—Хоць усе вытворчыя паказчыкі, якія прадугледжаны на тры кварталы гэтага года, наш філіял выканаў, але асаблівага задавальнення дасягнутым сёння не адчуваецца, — гаворыць Уладзімір Часлававіч Чантарыцкі. — Калі параўноўваць сёлетнія вынікі работы з мінулагоднімі, то яны значна ніжэйшыя. Так, за дзевяць месяцаў гэтага года наша арганізацыя асвоіла 4 мільярды 877 мільёнаў рублёў, што ў параўнанні з мінулым годам складае 84,4 працэнта. Калі параўноўваць аб’ём работ, які выканаў наш калектыў сёлета па праграме дарожных работ, то ён складае ўсяго 66,5 працэнта да мінулага года. Гэта значыць, што сёлета аб’ём дарожных работ за кошт бюджэтных сродкаў скараціўся на адну трэць.
Прычым карэкціроўка бюджэтных сродкаў, выдзеленых на правядзенне дарожных работ, вялася на працягу года. Так, калі спачатку ў планах дарожных работ быў прадугледжаны бягучы рамонт асфальтабетоннага пакрыцця на ўсім участку кальцавой дарогі, то потым сродкі былі выдзелены толькі на рамонт дарогі працягласцю 1,9 кіламетра. Згодна з першапачатковым планам таксама было прадугледжана заасфальтаваць цэнтральную вуліцу аграгарадка Арловічы, адну з вуліц аграгарадка Сіпішчава, правесці паверхневую апрацоўку дарогі да аграгарадка Сваташыцы. Але з-за фінансавых праблем у краіне, сродкі на правядзенне дарожных работ на гэтых участках не былі выдзелены.
—Што канкрэтна было зроблена калектывам вашай арганізацыі па рэканструкцыі і рамонту дарог?
—Як я ўжо сказаў, заасфальтавалі ўчастак кальцавой аўтадарогі і правялі бягучы рамонт пад’язной дарогі ад баеўскай дарогі да вёскі Рудашкова праз вёску Лапыроўшчына. Сёлета наш калектыў не выконваў работы па паверхневай апрацоўцы асфальтабетоннага пакрыцця. Гэта вельмі эфектыўны метад падаўжэння тэрміну эксплуатацыі дарог, які павышае бяспеку дарожнага руху.
—З-за фінансавага крызісу ў краіне аб’ём дарожных работ скараціўся. Як выходзіць з такога становішча ваш калектыў?
—Працуем па прамых дагаворах з іншымі заказчыкамі раёна і горада Орша. У гэтым годзе аб’ём такіх работ складае каля 70 працэнтаў ад агульнага аб’ёму, у той час як летась — 50 працэнтаў. Так, па лініі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання для выканання работ у сельгасарганізацыях раёна нашаму філіялу выдзелена 984 мільёны рублёў. Сёлета мы пабудавалі і адрамантавалі пад’езды да фермаў у вёсках Мардахі, Барсукі, Ляхаўка, Ірвяніца, пляцоўку на новым збожжасушыльным комплексе ў аграгарадку Ляды.
У гэтыя дні вырашаецца пытанне аб правядзенні асфальтавання пад’ездаў да жывёлагадоўчых памяшканняў на ферме ў вёсцы Мардахі за кошт сродкаў Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў. Па дагавору з Аршанскім малочным камбінатам заасфальтавалі тэрыторыю двара Дубровенскага маслазавода.
Па дагавору з УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік” правялі рамонт асфальтнага пакрыцця на ўчастку вуліцы Садовай і пешаходных дарожак па вуліцы Нікандравай.
Пэўны аб’ём работ члены нашага калектыву выканалі па дагаворах з прадпрыемствамі г.Оршы. Ёсць фронт работ згодна з дагаварамі і на чацвёрты квартал.
А яшчэ мы аказваем шэфскую дапамогу некаторым гаспадаркам раёна. Напрыклад, два нашых работнікі Андрэй Паўлючэнка і Алег Федарцоў працавалі камбайнерамі ў ААТ “Прыдубровенскае” і намалацілі звыш 1000 тон зерня кожны.
—Уладзімір Часлававіч, у вашым рабочым кабінеце шмат спартыўных узнагарод. Атрымліваецца, што вашы супрацоўнікі маюць пэўныя дасягненні ў спорце?
—Гэта так. Члены нашага калектыву прымаюць актыўны ўдзел у абласной спартакіядзе работнікаў “Віцебскаблдарбуд”. Летась мы занялі другое месца ў агульнакаманд-ным заліку, сталі пераможцамі ў турніры па міні-футболу і заваявалі два першыя месцы па бегу. Сёлета мы прымем удзел у спаборніцтвах па міні-футболу, бегу, валейболу, плаванні.
Акрамя таго, члены калектыву ўдзельнічаюць і ў раённых спаборніцтвах. Два гады запар наша каманда станавілася пераможцамі раённых спаборніцтваў на міні-футболу.
—Напярэдадні прафесійнага свята, як правіла, лепшых працаўнікоў адзначаюць, заахвочваюць. Хто будзе ўдастоены такога гонару сёлета?
—Ганаровай граматай КУП “Віцебскаблдарбуд” будзе ўзнагаро-джаны дарожны рабочы Уладзімір Віктаравіч Старавойтаў, які працуе ў арганізацыі з 1997 года і зарэкамендаваў сябе старанным і добрасумленным працаўніком. Падзяку ад кіраўніцтва абласной дарожнай арганізацыі атрымае вадзіцель аўтамабіля Сяргей Васільевіч Зайцаў, які за 20 гадоў работы ў арганізацыі асвоіў усе віды дарожнай тэхнікі і пры неабходнасці можа замяніць іншых работнікаў. Званне “Ветэран працы” атрымае трактарыст Аляксандр Леанідавіч Шабайлаў, працоўны стаж якога ў арганізацыі трыццаць гадоў.
У нашым калектыве сёння працуе 65 чалавек і пераважная большасць іх заслугоўвае слоў удзячнасці. Асабліва хочацца адзначыць вадзіцеля пагрузчыка Андрэя Мікалаевіча Паўлючэнку, партрэт якога сёлета занесены на раённую Дошку Гонару, токара Мікалая Васільевіча Кіршанкова, вадзіцеля аўтамабіля Васіля Міхайлавіча Дзеравяшку, вадзіцеляў пагрузчыкаў Аляксандра Іванавіча Куляшова і Алега Іванавіча Федарцова, майстра на выкананні работ па асфальтаванню дарог Аляксандра Дзмітрыевіча Петрачэнку, дарожнага майстра Сяргея Мікалаевіча Марэцкага, энергетыка Сяргея Іванавіча Шатраўку, начальніка аўтатранспарту Міхаіла Міхайлавіча Сычова.
А ўсім калегам і ветэранам дарожнай службы напярэдадні прафесійнага свята ад усёй душы пажадаць моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту.
Андрэй КВІР