В Дубровенском ДРСУ-108 работают мастера на все руки

Дубровно,дубровенский,ДРСУ, работа, доска почета, компьютеры,иллюминация, электрооборудование

Майстар на ўсе рукі
Так гаворыць пра энергетыка ДРБУ-108 ШАТРАЎКУ Сяргея Іванавіча партрэт якога сёлета занесены на раённую Дошку гонару, дырэктар прадпрыемства Уладзімір Часлававіч ЧАНТАРЫЦКІ.
—Сяргей Іванавіч добрасумленны, ініцыятыўны работнік. Кола яго абавязкаў шырокае. Ён абслугоўвае і, пры неабходнасці, рамантуе ўсе: якія ёсць у арганізацыі электраўстаноўкі, электраабсталяванне аўтатрактарнай тэхнікі і малых кос, установак кацельнай. Словам, нясе адказнасць за работу ўсёй цеплаэнергетычнай гаспадаркі прадпрыемства. А яшчэ ён камп’ютарны геній, — з усмешкай гаворыць У.Ч.Чантарыцкі. — Калі здараюцца нейкія непаладкі ў камп’ютарах, на дапамогу работнікі клічуць Сяргея Іванавіча. Наша арганізацыя з году ў год прызнаецца лепшай у горадзе па афармленні навагодняй ілюмінацыі. Гэта справа рук Сяргея Шатраўкі. Дарэчы, Сяргей Іванавіч адзін з самых старэйшых работнікаў арганізацыі. Яго працоўны стаж у ДРБУ-108 — 28 гадоў. Ён ветэран працы, хаця яму няма яшчэ і 50 гадоў…
Амаль усё свядомае жыццё ён адпрацаваў у дарожнай арганізацыі. Толькі адзін год пасля заканчэння ў 1981 годзе Магілёўскага электратэхнічнага вучылішча ён працаваў у іншай арганізацыі — Дубровенскім участку “Белсельэнергабудмантаж” у якасці электраманцёра, разам са сваімі калегамі вёў рэканструкцыю і будаўніцтва паветраных ліній электраперадач у сельскай мясцовасці нашага раёна.
Потым на працягу двух гадоў выконваў свой воінскі абавязак — служыў у вайсковай часці непадалёку ад Свярдлоўска ў аддзяленні сувязі. Пасля дэмабілізацыі ў званні сяржанта вярнуўся ў родны горад Дуброўна ў маі 1984 года.
—Месяц адпачыўшы, я пачаў шукаць месца работы, — гаворыць С.І.Шатраўка. — Пабываўшы ў некалькіх арганізацыях райцэнтра, я прапанаваў паслугі кіраўніцтву ДЭУ-108. Былы начальнік арганізацыі Валерый Міхайлавіч Карпаў узяў мяне на работу ў якасці электраманцёра. Так з той пары і працую ў гэтай арганізацыі.
Прамы абавязак энергетыка Сяргея Іванавіча Шатраўкі не дапускаць аварыйных сітуацый у энергасістэме прадпрыемства, з-за якіх адключаецца электраэнергія. Гэта значыць, што ён абавязаны сістэматычна право- дзіць прафілактычнае абслугоўванне і пры неабходнасці — рамонт электраўстановак. І з гэтымі сваімі асноўнымі працоўнымі абавязкамі, як адзначыў кіраўнік прадпрыемства, С.І.Шатраўка спраўляецца паспяхова. І яшчэ, ён ахвотна адклікаецца на іншыя просьбы работнікаў арганізацыі, скажам, ухіліць непаладкі ў камп’ютарнай сістэме ці з густам аформіць навагоднюю ілюмінацыю.
—Дырэктар арганізацыі назваў вас камп’ютарным генніем. Няўжо вы і ў гэтай справе майстар?
—Уладзімір Часлававіч пажартаваў. На самой справе я камп’ютар ведаю на ўзроўні звычайнага карыстальніка. Магу падключыць камп’ютарную сістэму, выканаць дробны рамонт, настройку камп’ютара, калі здараецца нязначны збой.
—І дзе вы гэтаму навучыліся?
—Ад сваіх дзяцей. Мой сын Андрэй заканчвае завочна Смаленскі гуманітарны ўніверсітэт па спецыяльнасці прыкладная інфарматыка і дызайн. Працуе ў адной са смаленскіх арганізацый настройшчыкам камп’ютарнай сістэмы і праграмістам. Калі ў нашым доме з’явіўся камп’ютар, я праявіў інтарэс да гэтай тэхнікі, а сын дапамог паглыбіць мае веды. Калі здараецца нейкая непаладка ў адным з камп’ютараў прадпрыемства, каб яе ўхіліць, я нярэдка раюсь з сынам.
Па словах У.Ч.Чантарыцкага, Сяргей Іванавіч Шатраўка не толькі старанны работнік, але і добры сем’янін. У яго доме парадак. Акрамя сына Андрэя ён разам з жонкай Людмілай Іванаўнай, якая працуе ў райбальніцы, вырасцілі дачку Марыну. Яна ўжо замужам і працуе на Аршанскім ільнокамбінаце.
Вось так жыве і працуе Сяргей Іванавіч Шатраўка, патрэт якога занесены на раённую Дошку гонару.
Андрэй КВІР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *