Лётчик из Дубровно покорил небо на ТУ-16
Жыццёвая дарога падпалкоўніка ў адстаўцы Леаніда Трафімавіча Кабуша пралягла праз нябёсы. А пачалася яна ў той момант, калі мужчына абраў прафесію лётчыка – адну з самых рамантычных у свеце.
Дарэчы, што стаіць на першым месцы у лётчыка? Канешне ж, самалёты, а ўсё астатняе – потым. Вось і наш зямляк Леанід Трафімавіч Кабуш усё жыццё прысвяціў службе. 24 гады ён ні на хвіліну не забываў пра святы воінскі абавязак. Прычым, палову гэтага часу – аж 12 гадоў — правёў Леанід Трафімавіч на самых адказных пасадах непасрэдна ў небе. Ды і на заслужаным адпачынку мужчына не адмовіўся ад любімай справы свайго жыцця. Сёння Леанід Трафімавіч працуе ў нашым ваенным камісарыяце і ўзначальвае раённую арганізацыю ГА “Беларускі саюз афіцэраў”.
ЛК—Я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, дзе практычна кожны хлопчык марыў стаць ваенным, — успамінае Леанід Трафімавіч Кабуш. – Ганаровае званне афіцэра снілася многім з нас. Гэтыя людзі здаваліся нам, малым, сапраўднымі героямі. А, наогул, вы ведаеце, хто такі афіцэр? Не проста чалавек, які прынёс прысягу і служыць ва Узброенных Сілах. Галоўнае ён – абаронца Айчыны, які адданы Радзіме і гатовы ў цяжкія для сваёй зямлі хвіліны стаць яе апорай. Афіцэр заўсёды выканае загад і ніколі не зверне з абранага маршруту перад тварам небяспекі.
МК—І сёння менавіта такія людзі ўваходзяць у склад нашай раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў”?
ЛК—Безумоўна. Хоць наша аб’яднанне налічвае ўсяго 8 афіцэраў, кожны з іх заслужана носіць форму. Таму не магу не скарыстацца магчымасцю, каб не назваць сваіх таварышаў пайменна. Гэта: тры супрацоўнікі ваеннага камісарыята – падпалкоўнік Ігар Іванавіч Літоўчык, маёр Ігар Мікалаевіч Осіпаў, маёр Валерый Ягоравіч Старасцін, а таксама маёр у адстаўцы Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў, старшы лейтэнант запасу Павел Васілевіч Серада, прапаршчык запасу Леанід Леанідавіч Чарноў, капітан запасу Уладзімір Уладзіміравіч Вішнеўскі.
У кожнага з іх за плячыма спачатку няпростыя гады вучобы ў спецыялізаваных ваенных ўстановах альбо на кафедрах аналагічнага накірунку ў грамадзянскіх ВНУ, а затым – непасрэдна служба не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Напрыклад, Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў у свой час выконваў інтэрнацыянальны абавязак на тэрыторыі Эфіопіі, а Уладзімір Уладзіміравіч Вішнеўскі служыў у Грузіі.
МК—Шчыра кажучы, гэта ўражвае. А якія сёння задачы стаяць перад раённай арганізацыяй афіцэраў?
ЛК—Калі фармуляваць мэты нашай дзейнасці на афіцыйнай мове, то яны наступныя. Гэта кансалідацыя ўсіх патрыятычных сіл і ветэранскіх арганізацый розных відаў і родаў войск для іх сумесных дзеянняў па рэалізацыі палітычнага курса кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь. А прасцей кажучы, мы пры дапамозе свайго жыццёвага вопыту і ведаў выхоўваем маладое пакаленне.
Прычым, гаворка ідзе не толькі пра ўрокі мужнасці і мерапрыемствы патрыятычнага накірунку са школьнікамі, але і пра актыўную работу з будучымі афіцэрамі. Да таго ж, мы імкнемся, каб кожны ваеннаслужачы ў нашым раёне ніводным сваім учынкам не апаганіў сваю форму. Калі неабходна, парушальнікаў дысцыпліны і на суровую мужчынскую размову выклікаем ў ваенны камісарыят. Прычым, у нас на кантролі ўсе ваенныя: як дзеючыя, так і запасу альбо ў адстаўцы. Пра гэта я магу гаварыць упэўнена, бо ўзначальваю раённую арганізацыю афіцэраў з першых дзён яе існавання — з 2006 года.
МК—Як усё сур’ёзна. Але да гэтага перыяду вы шмат год прысвяцілі службе ў небе. Як лёс закінуў вас так высока?
ЛК—Прызнаюся, усё здарылася нечакана, — усміхаецца Леанід Трафімавіч. – Напрыканцы школы я нават і падумаць не мог, што стану лятаць у небе. Больш таго, на той момант я актыўна займаўся лёгкай атлетыкай і хутчэй думаў пра спартыўную кар’еру.
Але аднойчы ў маю родную сярэднюю школу № 1 г.Дуброўна прыйшлі з ваеннага камісарыята. Яны расказалі нам пра магчымасць паступіць у Віцебскі вучэбны авіяцыйны цэнтр, каб затым лятаць на верталётах. Канешне, усе мы адразу загарэліся гэтай ідэяй, але з Дуброўна прайшлі камісію толькі двое хлопцаў. У іх ліку пашанцавала апынуцца і мне.
У выніку, пасля 7 месяцаў навучання, у красавіку 1968 года я прынёс прысягу і пачаў лятаць. Але мае навыкі патрабавалі ўдасканалення. Па гэтай прычыне праз год я апынуўся ў Аткарскім авіяклубе вучэбнага авіяцыйнага цэнтра ДАСААФ. У тым жа 1969 годзе туды прыйшлі прадстаўнікі адной ваеннай часці з прапановай служыць ва Узброенных Сілах. Зразумела, я вырашыў зрабіць і гэты крок, пасля чаго мяне накіравалі ў Смаленск, а потым практычна адразу перакінулі ў Эстонію, у Тарту. Праўда, каб адпавядаць свайму новаму месцу службы, мне давялося прайсці па-скораны курс вучобы ў Тамбоўскім ваенным вучылішчы лётчыкаў.
Але тут няма нічога дзіўнага. Ваенныя прывыклі жыць на чамаданах. Вось і я адслужыў у Тарту да 1978 года, пакуль наш полк не перавялі ў Балбасава пад Оршай. Там я прабыў да снежня 1984 года, а затым зноў вярнуўся ў Тарту. Займаў самыя розныя пасады: спачатку быў начальнікам спецслужбы палка, затым – дывізіі. Але, канешне, самае вялікае задавальненне атрымліваў ад палётаў.
Ды толькі гады праходзяць хутка. Мінуў і адзведзены мне тэрмін службы. У 1992 годзе я звольніўся і вярнуўся на сваю малую радзіму – у Дуброўна. Прычым, практычна адразу пачаў працаваць у нашым ваенным камісарыяце. Відаць, не магу абысціся і на “гражданке” без справы свайго жыцця. Хочацца ўвесь час рухацца наперад, а не сядзець на месцы.
МК—Леанід Трафімавіч, а раскажыце нам крыху больш пра неба.
ЛК—Пра палёты я магу гаварыць бясконца. Але самыя яркія ўспаміны, канешне, звязаны з Тарту. На якой сур’ёзнай машыне мне давялося там лятаць! Толькі ўявіце, я быў памочнікам камандзіра ТУ-16 на працягу 12 гадоў.
А гэта не проста самалёт, а ракетаносец. І перавозіў ён не толькі да дзевяці тонаў бомбавай нагрузкі, але і атамную ядзерную зброю. Між іншым, вага нашай баявой машыны ў сярэднім складала 75 тон 80 кілаграмаў.
Нягледзячы на гэта, лятаў наш ТУ-16 хутка і высока. У асноўным палёты праходзілі на вышыні 7800-9000 метраў. Але падымаўся наш экіпаж і на адметку 11 600 метраў. Хаця здатныя мы былі лятаць і вельмі нізка над зямлёй – прыкладна на вышыні 100 метраў.
Сам наш маршрут пралягаў ад Тарту да Новай Зямлі ў Паўночным Ледавітым акіяне, дзе праходзілі выпрабаванні атамных зарадаў, затым – да Кольскага паўвострава і назад у Тарту.
Згодна Варшаўскім дагаворам, ляталі мы і праз Польшчу, Германію, Венгрыю. Помятаю, толькі пералятаеш савецкую мяжу – і цябе сустракае заможная Еўропа. Унізе, да самага небасхілу, раскінуліся прыгожыя мястэчкі з чырвонымі чарапічнымі дахамі, роўныя зялёныя квадраты палей, стужкі дарог, а ўздоўж іх – сады.
МК—Што і гаварыць, прыгажосць! Але, усё ж такі, прафесія лётчыка – адна з самых небяспечных. Тым больш, калі гаворка ідзе пра ваеннную тэхніку. Напэўна, і вам не раз даводзілася бываць у крытычных сітуацыях?
ЛК—Так, падчас палётаў здаралася ўсякае. І цяжкасці былі самага рознага кшталту. Напрыклад, фізічныя нагрузкі. Мой самы доўгі палёт працягваўся 6 гадзін і 1 хвіліну. І я быў вымушаны ўвесь гэты час сядзець на адным месцы, з маскай на твары, з парашутам за плячыма і прыцягнуты да катапультуючага крэсла. Вытрымаць такое чалавеку – даволі няпроста.
А былі выпадкі, калі валасы на галаве, у прамым сэнсе, станавіліся дыба. Як цяпер памятаю вучэнні “Заходняя Дзвіна”. Уявіце, на вышыні 100 метраў над зямлёй “тройкамі”, крыло ў крыло, ідуць 27 самалётаў, у тым ліку і наш экіпаж. Такім жа чынам мы павінны ўвайсці ў аблокі і толькі там, па камандзе, разамкнуцца. А, між іншым, адлегласць паміж самалётамі складае толькі 30 секунд. Усе экіпажы і так хвалююцца, а тут яшчэ каманды з зямлі спазняюцца. І вось мы ўваходзім ў аблокі, вакол – бачнасць практычна адсутнічае, у эфіры – цішыня, і раптам я бачу чырвоны агеньчык. А гэта — іншы самалёт рухаецца проста на нас. За долі секунды мы робім рэзкі паварот, і тым самым ратуем сабе і сваім калегам жыццё.
Прызнаюся, у гэты самы час я адчуў, як шлем на маёй галаве падняўся. Так, мае валасы сапраўды сталі дыба. А што яшчэ больш цікава, я ўспомніў у той страшны момант, чаму вырашыў стаць лётчыкам. Калі наш самалёт паварачваў, я на імгненне закрыў вочы. І тут у памяці ўсплыў эпізод з мінулага. Я, яшчэ зусім малы, разам з бацькам еду па грунтавой дарозе. А над намі ляціць самалёт. Я на яго так загледзеўся, што мне бацька сказаў: “Будзеш лётчыкам”. Так і здарылася.
МК —А што галоўнае вы для сябе, як для чалавека, знайшлі падчас палётаў?
ЛК—Уменне працаваць у камандзе і быць надзейным сябрам. Там, у небе, удалае завяршэнне палёту залежыць толькі ад зладжаннасці экіпажа. Кожны яго член павінен адчуваць сябе ўпэўнена на сваім месцы і не даваць эмоцыям кіраваць сітуацыяй.
Акрамя таго, у нашай прафесіі адразу бачна, чаго варты кожны чалавек.
Успамінаю адну цікавую гісторыю. Служылі ў нашай ваеннай часці ў Тарту два штурманы. З выгляду абодва – хлопцы смелыя, цяжкасцей не баяцца. Ды толькі назначылі ім далёкі палёт на неспакойны востраў на рацэ Амур, які адыходзіў то да Кітая, то да Савецкага Саюза. Адзін наш штурман як пачуў такую навіну, адразу дэзірціраваў. А другі, ураджэнец гор, не спужаўся і паляцеў, а перад гэтым сказаў нам: “Калі б я ўцёк ад загаду, мяне б бацькі на парог не пусцілі і з хаты выгналі. У нас лепш загінуць, але дамоў вярнуцца героем”.
Такое вось разуменне абавязку салдата і абаронцы Айчыны было закладзена ў гэтым ваенным чалавеку разам з малаком маці, з самых малых гадоў.
І сёння таксама шмат залежыць ад бацькоў. Якімі яны выхоўваюць сваіх дзяцей, такімі яны, у большасці сваёй, і вырастаюць. Канешне, грамадства, у тым ліку, і мы – афіцэры, імкнемся ўплываць на падрастаючае пакаленне, але толькі бацькі здатныя выхаваць сапраўднага чалавека, укласці ў яго маральныя і духоўныя каштоўнасці, навучыць з павагай і любоўю адносіцца да сваёй Радзімы, шанаваць яе гісторыю і абараняць будучыню. Паверце, годнасць, доблесць і мужнасць патрэбны заўжды. Таму жадаю нашым дарослым і юным чытачам быць па жыцці афіцэрамі. І няма розніцы – дзе: на зямлі альбо ў небе, на ваеннай службе ці на грамадзянскай пасадзе.
Марына КАЗЛОВІЧ