Уроженец Дубровенщины писатель Эрнест Ялугин отметил 75-летие
19 лістапада споўнілася 75 гадоў вядомаму беларускаму пісьменніку, журналісту, нашаму земляку Эрнэсту Ялугіну.
Нарадзіўся Эрнэст Васільевіч Ялугін на станцыі Асінаўка Дубровенскага раена Віцебскай вобласці. Бацькі працавалі на будаўніцтве БелГРЭС (Асінбуд). Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна бацьку прызвалі ў армію, маці з трыма дзецьмі пайшла на ўсход, дабралася толькі да Крычава, дзе ў прыгараднай вёсцы Бель, у хаце бацькавай сястры, знайшла прытулак да самага вызвалення Беларусі.
Пасля вайны засталіся жыць у Крычаве, дзе Эрнэст Ялугін скончыў сярэднюю школу (1954), затым працаваў рэдактарам радыёвяшчання пры Крычаўскай раённай газеце “Шлях сацыялізму”, літаратурным супрацоўнікам прамысловага аддзела гэтай жа газеты (1954-1956). Удзельнічаў у рабоце мясцовага літаратурнага аб’яднання. Працаваў загадчыкам аддзела пісем, адказным сакратаром Мсціслаўскай раённай газеты (1957-1960). Скончыў завочнае аддзяленне філфака БДУ (1962), адначасова працаваў у Салігорску ў шматтыражнай газеце “За коммунистический труд” (1960-1961), адкуль быў пераведзены літаратурным супрацоўнікам у рэдакцыю газеты “Знамя юности”. 1966-1969 — перайшоў у рэдакцыю “Сельскай газеты”, дзе працаваў раз’яздным карэспандэнтам. З 1969 г. працаваў карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1972-1976 гадах – на творчай рабоце. З 1976 года літаратурны супрацоўнік аддзела прозы, загадчык аддзела крытыкі і мастацтва, намеснік галоўнага рэдактара ў часопісе “Нёман”. З 1984 года зноў на творчай рабоце. У 1991 г. – галоўны рэдактар штотыдневіка “Наша слова”.
Эрнэст Васільевіч Ялугін стварыў шмат цікавых нарысаў і апавяданняў, у якіх яскрава раскрыў многія жыццёвыя моманты сучаснасці, а таксама асаблівасці творчасці знакамітых беларускіх дзеячаў, у тым ліку Васіля Быкава, Цішкі Гартнага, Адама Мальдзіса, Міколы Улашчыка і інш.
Ён выдаў шырока вядомы раман «Мсціслаўцаў посах», у якім паказаў жыццёвы і творчы шлях аднаго з першых беларускіх друкароў і асветнікаў Пятра Мсціслаўца. Не менш папулярнымі былі яго творы «Камні Млечнага шляху», «Апошні князь» і інш.
У 2004 г. Эрнэст Ялугін надрукаваў раман «Алжырская пастка», які абазначыў як «гістарычны крымінальны раман». Аўтар выдатна асвяціў сучасны гістарычны перыяд нашай краіны, узняўшы самыя балючыя нацыянальныя праблемы: стан беларускай мовы і культуры, жыццё грамадзяніна ў палітычнай супярэчнасці краіны, страх і няўпэўненасць людзей, асабліва свядомай інтэлігенцыі, якая жыве пад пільным наглядам адпаведных сілавых структур, што яшчэ не забыліся пра метады сумна вядомых трыццатых гадоў мінулага стагоддзя, складаныя лёсы беларусаў, якіх шматпакутная гісторыя Бацькаўшчыны раскідала па ўсім свеце; праца, побыт, мары і каханне простага чалавека, якога сучасны стан у краіне часта даводзіць да розных цяжкіх сітуацый, нават да крымінальных, у адну з якіх трапіў герой рамана і г.д. Твор чытаецца з вялікай цікавасцю сапраўднага дэтэктыва — на адным дыханні. Аўтар прымушае чытача не проста «глытаць» кнігу як цікавае чытво, але і сур’ёзна задумацца пра ўсю гісторыю роднай Беларусі, сучасны стан і будучыню краіны.
Усе творы Э. Ялугіна ёсць у цэнтральнай раённай бібліятэцы. У будучым плануем стварыць у чытальнай зале куток-выставу Эрнэста Ялугіна.
Рашэннем Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта адна з вуліц у в.Асінаўка пачала насіць імя гэтага пісьменніка.
Пажадаем жа Эрнэсту Васільевічу здароўя, шчасця, сустрэч з новымі чытачамі і добрых кніг.
Наталля ФАРЭЙТАРАВА,
дырэктар ЦБС
P.S. Хто там? – Рэдакцыйная пошта! 🙂
Прачытаў у № 94 вашай газеты артыкул Наталлі Фарэйтаравай, прысвечаны майму 75-годдзю, і вельмі ўдзячны аўтару і рэдакцыйнаму калектыву за ўвагу да мяне.
Таксама вялікая падзяка Дубровенскаму раённаму выканаўчаму камітэту, добрым людзям, што ўмеюць цаніць народную каштоўнасць як эканамічных, так і культурных здабыткаў сваіх суайчыннікаў, і вось унеслі прапанову, каб і маім іменем была названа вуліца ў Асінаўцы і завулак у суседняй Будзе. Я ўжо казаў на сустрэчы з чытачамі ў Дуброўне вясной 2011 года: найвышэйшая ўзнагарода для чалавека, калі яго працу адзначаюць на “малой радзіме”!
Даўно займаюся айчыннай гісторыяй і ведаю: багата дубровенцам з веку ў век давялося перацярпець рознага ліха. Колькі войнаў адбушавала, колькі было разору, папялішчаў замест сядзіб, колькі чалавечых горкіх слёз і гібелі суродзічаў! Але хто ўцалеў, не апускалі рукі, годна выстаялі, адрадзіліся, не развучыліся ўпарта і ўмела працаваць і прыгожа, весела адпачываць, таленавіта займацца разнастайнай мастацкай самадзейнасцю. І што мяне, канешне, асабліва цешыць як літаратара, — дубровенцы, і старэйшыя, і маладыя, развіваючы свой культурны ўзровень, чытаюць і цэняць добрыя кнігі, нягледзячы на сённяшні складаны час. Хто не можа кнігу сабе купіць, той не забывае дарогу ў бібліятэку. Дарэчы, гэтак робяць амерыканцы, якія, між іншым нездарма лічацца самымі практычнымі і паспяховымі ў свеце пасля германцаў.
Ганаруся, што нарадзіўся на Дубровеншчыне!
З сардэчным прывітаннем
і найлепшымі пераднавагоднімі пажаданнямі землякам
Эрнест ЯЛУГІН