Энцыклапедыя жыцця раёна
Ляціць час, не стрымаць, не вярнуць. У маленькім калектыве прыход новага работніка, ці ўход на заслужаны адпачынак вопытнага супрацоўніка асабліва адчувальны. Колькі часу яшчэ паўспамінаюць паплечнікі, і пакоціцца жыццё далей па заведзеным крузе. Але ж нездарма дырэктар фестывалю «Славянскі базар ў Віцебску» Глеб Лапіцкі на ІІ Форуме медыйнай суполкі адзначыў: «Журналісты, якія асвятляюць падзеі рознага ўзроўня, на паперы астаўляюць гісторыю». Гэта ў поўнай меры датычыцца асобы журналіста, які шмат гадоў працаваў у раённай газеце «Дняпроўская праўда» — Фёдара Сяргеевіча Кулакова. За апошні час калектыў газеты поўнасцю змяніўся, ніхто з сучасных супрацоўнікаў рэдакцыі не працаваў побач з ім. Але ж, гартаючы старыя падшыўкі газет, мы бачым людзей і падзеі Дубровеншчыны вачамі Фёдара Сяргеевіча, успрымаем па яго артыкулам, трапнай сакавітай беларускай мове.
Не было, бадай, ніводнай старонкі жыцця, якая б засталася па-за позіркам гэтага чалавека. Але ж больш увагі ён надаваў захаванню памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, падрабязна распавядаў пра падзеі тых вогненных год, з асобым пачуццём распавядаў пра лёсы ўдзельнікаў вайны і пакуты мірных жыхароў, пабываўшых пад акупацыяй.
У гэтых матэрыялах ён нібы параўноўваў сваё дзіцячае ўспрыманне вайны і пасляваеннага часу з тым, як гэта бачылі іншыя. Мабыць, прымерваў, як бы склалася жыццё, калі б вярнуўся з фронту яго бацька.
Так вырашыў лёс, што хлопчык нарадзіўся на Палессі ў сям’і жанчыны-салдаткі Ульяны Паўлаўны Кулаковай. Бацька — Сяргей Андрэевіч Кулакоў — загінуў на фронце. Якім было жыццё ў Беларусі ў той час добра вядома. Маленькі Федзя рос і жыў так, як жылі іншыя дзеці вайны. Ім было холадна, голадна. З дзесяці год хлопчык павінен быў выконваць працу, якую іншаму сталаму чалавеку нялёгка рабіць: быў аратым, грузчыкам. У адным з артыкулаў ён узгадваў, што крыўдна было сядзець на халоднай печы і глядзець, як бягуць у школу дзеці, бацькі якіх прыйшлі з фронта жывымі, а ты не можаш злезці з печы, бо няма чаго абуць на ногі, не можаш пабегчы дапамагчы маці насекчы дроў.
Нягледзячы на цяжкасці, хлопчык паспяхова скончыў сямігодку, затым школу рабочай моладзі. На гэты час юнак ужо пачаў працаваць у раённай газеце «За камунізм» Калінкавіцкага раёна. Таму без асобых цяжкасцей адразу паступіў на аддзяленне (затым факультэт) журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.
У 1968 годзе па размеркаванні прыехаў працаваць у Оршу, дзе пусціў карані: пабудаваў сям’ю, вырасціў дзяцей. Супрацоўнікам «Дняпроўскай праўды» стаў са снежня 1977 года, спачатку загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, затым — на цэлыя дзесяцігоддзі — намеснікам рэдактара.
Вось як Фёдар Сяргеевіч сам распавядаў пра пачатак сваёй працы ў «Дняпроўскай праўдзе»:
«Нічым мяне Дуброўна не здзівіла, прыгожы, утульны гарадок на тым жа Дняпры, што і Орша. Праўда, быў тады толькі адзін мікрараён (пасёлак) Міжкалгасбуда. Многія ўстановы (бальніца, ашчадная каса, райкамунгас і г.д.) размяшчаліся ў прыстасаваных памяшканнях, але з задачамі сваімі спраўляліся. На вуліцах і ў скверы на плошчы раслі высачэзныя таполі, што, прызнацца, гораду прыгажосці не надавала.
Адзначу, што на цяперашні выгляд Дуброўны станоўча, на маю думку, у многім паўплываў фестываль «Дняпроўскія галасы»: каб дастойна сустракаць гасцей, адных песень малавата…
Рэдакцыя мяне таксама нічым не здзівіла. З рэдактарам мы ўжо былі знаёмы, з аршанцам Ісакам Коганам — таксама, з іншымі членамі калектыву (тады яшчэ была і свая друкарня) таксама ўсё было лёгка і проста.
Вясковы хлопец, я з задавальненнем пісаў пра сельскую гаспадарку. Любіў бываць на фермах, у полі, майстэрні, бо там усё было знаёма і блізка: у маладыя гады давялося ў калгасе працаваць і пастухом, і на сеялках, і памочнікам камбайнера.
Але моцна цягнула штосьці рабіць і для душы. І ўжо ў лютым 1978 года з’явілася літстаронка «Ручайкі», якая стала добрым пачаткам невялікай дубровенскай паэтычнай рэчкі.
Літстаронка, якая насіла розныя назвы, адкрывала ўсё новыя імёны мясцовых талентаў. Тут ў розны час пачыналі сваю паэтычную пуцявіну (ці працягвалі яе) Святлана Шупаёва (вёска Ганчарова), Наталля Шупілава (Буда), Васіль Забайловіч (Дуброўна), Мікалай Халецкі (Калінаўка), Ірына Малчанава (Дуброўна), Таццяна Прышчэпава (Зарубы), Вячаслаў Глебаў (Калінаўка), Аксана Хмялёва (Баброва) і многія іншыя, усіх мне прыпомніць цяжка».
Увесь час Фёдар Кулакоў шукаў і знаходзіў цікавых субяседнікаў сярод простых людзей. Быў вельмі ўважлівы да іх запытаў і пытанняў, таму, па сведчанні былых супрацоўнікаў газеты, у яго кабінеце заўжды былі наведвальнікі. Людзі расказвалі пра падзеі ў працоўных калектывах, пра праблемы, якія іх турбуюць. Ведалі, што Фёдар Кулакоў сумее і шчыра падзякаваць за працу, і вострым слаўцом адзначыць недапрацоўкі.
Вельмі адказна ставіўся намеснік галоўнага рэдактара і да выхавання маладога пакалення журналістаў. Былы галоўны рэдактар газеты Лідзія Чапялова ўзгадвала, што яе, калі прыйшла па размеркаванні, Фёдар Сяргеевіч сустрэў недаверлівым позіркам: «Можа будзе працаваць, можа — не…» Але ж яны адпрацавалі ў адным калектыве амаль чвэрць века.
«Я заўважыла, як з цягам часу падабрэў пранізліва-ўважлівы позірк гэтага сур’ёзнага чалавека, як памякчэў яго голас, калі ён звяртаўся да мяне, як паважліва пачаў называць поўным імем…
Наш Фёдар Сяргеевіч больш за іншае цаніў у людзях пастаянства: у поглядах, у адданасці аднойчы выбранай справе. Для маладых супрацоўнікаў Фёдар Сяргеевіч быў флагманам, дасягнуць вяршынь прафесійнага майстэрства якога было не так проста. У рабоце з аўтарскім актывам ён заўжды быў пунктуальны, карэктны, абавязковы. Заўжды прыходзіў на дапамогу, калі патрэбна было, падказваў, як лепей падступіцца да той ці іншай тэмы», — расказвала ў адным з артыкулаў Лідзія Чапялова…
Гартаем старыя падшыўкі газет. Крытычныя матэрыялы, нарысы пра людзей, артыкулы-хронікі пра вызваленне раёна, вершаваныя навагоднія падарожжы Дзеда Мароза, разважанні аб эканамічным стане краіны і раёна, рапарты да чарговых выбараў і крокі новай рэальнасці ў час перабудовы — ўсё гэта мы можам зараз пазнаць і перажыць зноў, дзякуючы Фёдару Кулакову, нездарма яго і зараз чытачы газеты лічаць «энцыклапедыяй жыцця раёна».
Гэтымі днямі Ф.С.Кулакову спаўняецца 80 год. Немалая дата! Пачэсная! Калектыў рэдакцыі шчыра віншуе Фёдара Сяргеевіча з юбілеем. Жадае сіл і добрага настрою. Заставайцеся яркай зоркай на журналісцкім небасхіле!