В Дубровенском районе 2010 год принёс операторам машинного доения дипломы и денежные премии
Лучшие в Дубровенском районе
На злёт перадавікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, які быў прысвечаны прафесійнаму святу земляробаў, аператары машыннага даення Жанна Анатольеўна Кузьмянкова і Жанна Мікалаеўна Маклакова прыехалі ў ранзе прызёраў раённага спаборніцтва: па выніках работы за 10 месяцаў мінулага года ім было прысуджана адпаведна трэцяе і другое месца сярод аператараў, якія дояць кароў у вёдры. Ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўнікі раёна ўручылі жывёлаводам дыпломы і грашовыя прэміі.
Жанна Кузьмянкова і Жанна Маклакова працуюць на каз’янскай ферме КУСГП імя Чарняхоўскага. Першая гэтай нялёгкай справе аддала 15 гадоў, другая працуе на ферме другі год. Па словах спецыялістаў, даручаную справу жывёлаводкі выконваюць належным чынам.
У цэлым за 2010 год надой малака на карову ў групе Жанны Маклаковай склаў 5294 кілаграмы, Жанны Кузьмянковай — 5217 кілаграмаў. Гэта адпаведна шосты і сёмы паказчыкі сярод аператараў машыннага даення раёна.
Одна из лучших в Витебской области
Абласны камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванню і прэзідыум абкама прафсаюза работнікаў АПК падвялі вынікі спаборніцтва жывёлаводаў вобласці за снежань. У ліку лепшых у вобласці аператар машыннага даення кароў са сваташыцкай малочнатаварнай фермы ААТ “Герой” Галіна Леанідаўна Чамурака: ёй прысуджана трэцяе месца сярод аператараў машыннага даення.
Надой малака на карову ў снежні ў групе кароў, якіх абслугоўвае Галіна Леанідаўна, склаў 584 кілаграмы, што на 314 кілаграмаў больш, чым у мінулым годзе.
Днямі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Іванавіч Рубанцаў уручыў Галіне Леанідаўне Чамурака абласную прэмію ў суме 80 тысяч рублёў.
Андрэй КВІР