В кооперативе «Гигант» Дубровенского района дела идут отлично
Мінулы год для СВК “Гігант” і яго старшыні Пятра Іванавіча Жарыкава быў у пэўнай ступені знамянальным.
Перш за ўсё таму, што гаспадарцы было прысуджана другое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па вытворчасці кармоў, а Пётр Іванавіч Жарыкаў, як кіраўнік гаспадаркі, прымаў удзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2010” у Лідзе. Кааператыў узнагароджаны Дыпломам і грашовай прэміяй у суме 20 мільёнаў рублёў.
Дастойна ацэнена праца хлебаробаў СВК “Гігант” і на раённым узроўні: гаспадарка прызнана пераможцай раённага спаборніцтва па вытворчасці кармоў, ёй прысуджана другое месца па вытворчасці насення рапсу і трэцяе — па вытворчасці збожжа.
Важнай вяхой у развіцці СВК “Гігант” у 2010 годзе з’яўляецца і тое, што на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі — вёсцы Ляхаўка — вялося будаўніцтва аграгарадка. Былі абноўлены аб’екты сацыяльнай сферы, працягвалася будаўніцтва добраўпарадкаванага жылля, вялікі аб’ём работ быў выкананы па рэканструкцыі і рамонту вытворчых памяшканняў, добраўпарадкаванні машыннага двара, пляцовак зернесушыльнага комплексу, тэрыторыі цэнтральнай фермы.
Пераважная большасць работ па абнаўленню аб’ектаў сацыяльнай і вытворчай сферы выканана за дзяржаўныя сродкі.
Словам, умовы для нарошчвання вытворчасці і рэалізацыі сельгаспрадукцыі ў новай пяцігодцы ў гаспадарцы створаны нядрэнныя. І, мяркуючы па ўзроўню вытворчасці і рэалізацыі малака ў студзені гэтага года, жывёлаводы гаспадаркі выкарыстоўваюць іх найлепшым чынам. У аператыўнай інфармацыі райсельгасупраўлення значыцца, што аб’ём вытворчасці і рэалізацыі малака ў ААТ “Гігант-Агра” ў першай палавіне студзеня ў два разы вышэй, чым у гэты перыяд мінулага года. Сутачны надой малака на карову перавышае 10 кілаграмаў. Для параўнання: у сярэднім па раёне прырост надояў у параўнанні з мінулагоднім узроўнем складае каля 25 працэнтаў.
Што садзейнічае двайной прыбаўцы надояў у ААТ “Гігант-Агра”? Нядаўна я пабываў на фермах гаспадаркі, гутарыў са спецыялістамі, жывёлаводамі.
Нататкі цікаўнага падарожніка
Падчас сустрэчы ў канторы гаспадаркі галоўны эканаміст Надзея Іванаўна Шайкова паведаміла, што рэкордная прыбаўка надояў малака ў гэтыя дні дасягнута дзякуючы таму, што ў снежні-студзені ацяліліся каля 100 першацёлак, а таксама гэтаму садзейнічаюць добрая забяспечанасць жывёлы кармамі і канцэнтрацыя ўсяго дойнага статка гаспадаркі на цэнтральнай ферме.
Я пабываў на гэтай ферме. Брыгадзір фермы Людміла Віктараўна Гусенцава адгружала на мясакамбінат выбракаваных нізкапрадуктыўных кароў.
—Замест выбыўшай жывёлы паставім глыбокацельных цялушак, якія ўтрымліваюцца ў адным з памяшканняў фермы, — каменціруе сітуацыю ветфельчар гаспадаркі Валерый Міхайлавіч Запрагаеў.
Разам з брыгадзірам і ветфельчарам мы абышлі ўсе тры кароўнікі, дзе цяпер утрымліваецца дойны статак гаспадаркі. Паўсюдна чысціня і парадак. Усе працэсы па абслугоўванню жывёлы механізаваны. Раздача кармоў адбываецца з дапамогай мабільнага кормараздатчыка, што дазваляе рэгулярна, незалежна ад надвор’я, закладваць на кармавыя сталы прадугледжаную рацыёнам колькасць кармоў. У сярэднім на карову выдзяляецца па 20 кілаграмаў сенажу і столькі ж сіласу, 10 — караняплодаў, па 1 кілаграму на галаву плюс па 300 грамаў на надоены літр малака канцэнтратаў. Якасць кармоў добрая.
Ва ўсіх трох кароўніках зманціраваны малакаправоды, што дазволіла павысіць нагрузку на аператара машыннага даення да 56 галоў. На ферме ўстаноўлены два малочныя халадзільнікі закрытага тыпу. Ёсць два пакоі для адпачынку жывёлаводаў, яны аздоблены сучаснымі аддзелачнымі матэрыяламі. У адным з іх, які быў абсталяваны яшчэ ў мінулым годзе, ёсць чайны сервіз, тут, па словах брыгадзіра фермы Людмілы Віктараўны Гусенцавай, жывёлаводы ў абед п’юць чай, каву.
Па праўдзе кажучы, мяне здзівіў той факт, што ў пакоі адпачынку жывёлаводаў ёсць свежыя газеты, бо на іншых фермах раёна, дзе давялося пабываць гэтай зімой, перыядычных выданняў я не бачыў.
—На цэнтральную ферму выпісваем «Советскую Белоруссию» і “Дняпроўскую праўду”, — паведаміў Валерый Міхайлавіч Запрагаеў, які зараз часова выконвае абавязкі галоўнага ветурача гаспадаркі.
Канцэнтрацыя ўсяго дойнага статка на цэнтральнай ферме гаспадаркі адбылася мінулай восенню, пасля таго, як была закончана рэканструкцыя былога цялятніка пад кароўнік. За мінулае лета тут выкананы вялікі аб’ём работ: спачатку дэманціравалі старое абсталяванне, потым залілі стойлы і праходы бетонам, зманціравалі сістэмы водапаення, выдалення гною, малакаправод, замянілі вокны і вароты. Па сутнасці, атрымаўся новы кароўнік, дзе ўсе працэсы па абслугоўванню жывёлы механізаваны. Належны парадак у прыбудаваным да кароўніка невялікім памяшканні, дзе ўстаноўлены малочны халадзільнік і захоўваюцца даільныя апараты. У тарцы памяшкання абсталяваны пакой адпачынку для жывёлаводаў.
У новы кароўнік перавялі дойны статак з пячонкаўскай фермы. Гэта дазволіла карэнным чынам палепшыць умовы працы жывёлаводаў, стварыць спрыяльныя ўмовы для атрымання малака высокай спажывецкай якасці і, нарэшце, вырашыць праблему з дастаўкай аператараў машыннага даення да рабочага месца. Раней трох з чатырох аператараў, якія працавалі на пячонкаўскай ферме, штодзень на работу вазілі з цэнтральнай сядзібы гаспадаркі — вёскі Ляхаўка, дзе яны жывуць. Цяпер такая патрэба адпала.
Вельмі важна і тое, што тут да мінімуму зведзена залежнасць кармлення дойнага статка ад чалавечага фактара, бо кармы раздаюцца кормараздатчыкам у поўным аб’ёме згодна з рацыёнам. Ды і кантроль за ўсімі тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці малака, якія сканцэнтраваны на адной ферме, кіраўніцтву і спецыялістам гаспадаркі цяпер прасцей весці.
За апошнія два гады праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванню тэрыторыі фермы. Цяпер да памяшканняў і сянажных траншэй можна без праблем пад’ехаць на трактары з кормараздатчыкам у любую пару года.
Зразумела, што ўсімі тэхналагічнымі працэсамі па обслугоўванню жывёлы на ферме кіруюць людзі. Тут працуюць дванаццаць аператараў машыннага даення кароў. Ёсць два падменныя аператары. Гэтай зімой пасля механізацыі раздачы кармоў у два разы скарацілася колькасць даглядчыкаў дойнага статка. Характэрна, што пераважная большасць аператараў машыннага даення кароў яшчэ адносна маладыя людзі. Толькі адна жанчына, якая доіць кароў, перадпенсіённага ўзросту.
У цэлым за 2010 год надой малака на карову на цэнтральнай ферме склаў 4711 кілаграмаў, а аператары машыннага даення кароў Наталля Аляксандраўна Пасканная і Алена Аляксееўна Вайцюк за мінулы год надаілі на карову адпаведна 5194 і 5191 кілаграм малака. Дарэчы, ім па выніках работы за 10 месяцаў мінулага года былі прысуджаны трэція месцы ў раённым спаборніцтве аператараў машыннага даення кароў.
Словам, у ААТ “Гігант-Агра” створаны нядрэнныя ўмовы для вытворчасці малака і рэалізацыі яго высокай якасцю.
Андрэй КВІР