В ОАО «Герой» подвели итоги работы за 2024 год
У ААТ «Герой» ў мінулым годзе адбыліся самыя значныя сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна змяненні ў тэрытарыяльна-эканамічным стане: у сярэдзіне ліпеня 2024 года да яго было далучана былое ААТ «Каманіна». На момант аб’яднання яно мела, мякка кажучы, не самыя выдатныя паказчыкі вытворчасці. Таму герояўцы прынялі на сябе не толькі рэсурсы гэтай гаспадаркі, а і яе праблемы, і недахопы.
На выніковым сходзе ААТ «Герой», на якім прысутнічаў намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Аляксандр Карнееў, адбылася сур’езная размова аб сумеснай працы, агульных планах і рэзервах вытворчасці аб’яднанай гаспадаркі.
— На адбыўшымся ў нашым раёне семінары, на якім прысутнічаў міністр сельскай гаспадаркі, была акцэнтавана ўвага на неабходнасці рэнтабельнасці сельгасвытворчасці. Я таксама перакананы і неаднойчы аздначаў, што працы толькі для працы, для стомы недастаткова. Трэба працаваць, каб мець сродкі для развіцця, для росту матэрыяльнага стану не толькі прадпрыемства, а і вашых семьяў, — пачаў даклад дырэктар ААТ «Герой» Пётр Сыса.
Далей ён дэталёва расказаў пра вынікі, якіх дасягнулі працаўнікі калектыву, падрабязна спыніўся на кожнай сельскагаспадарчай галіне, пры гэтым прывёў параўнальны аналіз паказчыкаў ААТ «Герой» і каманінцаў.
— Агульная плошча ворнай зямлі пасля аб’яднання склала 5 038 гектараў. 49% з іх у мінулым годзе былі адведзены пад зерневыя і зернебабовыя культуры. Па ААТ «Герой» — 891 гектар, з якіх атрымана 2557 тон з ураджайнасцю 28,7 ц/га. Па дабрынскай старане — з 1585 гектараў атрымана 2885 тон з ураджайнасцю 18,2 ц/га. Па рапсу герояўцы атрымалі 18 ц з кожнага з 303 гектараў, а каманінцы — 7,4 ц з 429 гектараў.
Пад ураджай 2025 года былі праведзены неабходныя карэктывы, добра спрацавала агранамічная служба. У аптымальныя тэрміны быў праведзены азімы сеў, зараз усходы і зерневых, і рапсу ў добрым стане, і калі мы выканаем добра ахоўныя мерапрыемствы, правядзём неабходныя апрацоўкі, то можна спадзявацца на добры ўраджай, — адзначыў Пётр Сыса.
Сурьёзны аналіз кіраўнік сельгаспрадпрыемства правёў і па жывёлагадоўлі.
— Галоўная галіна — гэта вытворчасць малака. За мінулы год было атрымана 4354,8 тон малака, што на 5,8% меньш, чым ў 2023 годзе. Удой на карову ў сярэднім зменшыўся на 89 кг і склаў 4040 кг: па герояўцам — 5035 кг, па каманінцам — 4540 кг. І зараз, калі на МТФ «Сваташыцы» атрымліваюць 16 літраў на карову, то ў Пнявічах 6-7 літраў. І гэта пры добрым кармавым забеспячэнні і дастатковых канцэнтратах, якія выдаюцца пад надоены літр.
Да таго ж, калі ў ААТ «Герой» амаль 100% малака ідзе сортам экстра, то ў «Каманіна» — толькі 10%. Вось дзе страты. Вось дзе рэзервы прыбыткаў.
Мы ўжо зрабілі шэраг крокаў па выпраўленні гэтай сітуацыі, але ж чакае яшчэ шмат работы, пачынаючы з паляпшэння ўвогуле ўмоў работы, прадуктыўнасці статка, да змены адносін працаўнікоў да выканання службовых абавязкаў. Інакш нельга, — падкрэсліў Пётр Сыса.
Ён адзначыў, што вядзецца вялікая работа па аднаўленні стада. З лета 2024 года на раздой пастаўлена ўжо чацвёртая группа.
— Ад 65 кароў, якіх раздаіла Вольга Андрайкова, у снежні 2025 года яна атрымала 50 тон малака, па 1800 кг ў дзень! Добра працуюць аператары машыннага даення Алена Хахлова, Юлія Іеркес, Святлана Смаленская. Нельга не адзначыць працу асемянатара Наталлі Казакевіч. Дзякуючы яе намаганням было атрымана на 151 галаву цялят больш, — адзначыў Пётр Сыса.
Ён падкрэсліў, што сельгаспрадпрыемства гэта не толькі і не столькі матэрыяльна-тэхнічныя сродкі: у першую чаргу — гэта людзі, якія добрасумленна працуюць, выконваюць ўсе патрабаванні тэхналагічнага працэсу.
Сярод лепшых жывёлаводаў кіраўнік сельгаспрадпыемства назваў пастухоў Аляксандра Самусева, Аляксандра Шчэрбу, на адкорме маладняка — Сяргея Сенцюрова, Андрэя Лабацэвіча, на дарошчванні — Аляксандра Кабуша, Аляксандра Белавусава, Рыгора і Таццяну Радзьковых, Леаніда Іўкіна.
Сярод механізатараў, якія дабіліся самых высокіх вынікаў, на сяўбе азімых кіраўнік сельгаспрадпрыемства назваў Васіля Фядзько, на сяўбе траў — Аляксандра Анішчанку, на жніве — Аляксандра Чаркасава, на адвозцы — Віктара Маршавава, на ўнясені ўгнаенняў — Віктара Жаваронка, на ўнясенні сродкаў аховы — Аляксандра Валевіча, на ўзворванні — Сяргея Белавусава.
— Рэзервы павышэння рэнтабельнасці ў раслінаводстве — выкарыстоўванне агранічных угнаенняў. Таму восенню на палі было вывезена 22 тысячы тон і вясной больш за 12 тыс. тон. Вялікую работу па гэтым напрамку правялі Аляксандр Смаленскі і Віктар Смаленскі. Асобна адзначу кіроўцаў МАЗаў Андрэя Самуйлава і Аляксандра Бондарава, якія поўнасцю забяспечваюць патрэбы гаспадарцы ў перавозках, — з удзячнасцю сказаў Пётр Сыса.
Далей ён нагадаў, што асноўнай задачай 2024 года была выпрацоўка і ўкараненне стратэгіі па паляпшэнні нарыхтоўкі і захаванні кармоў. Таму што развіцце кармавой базы — гэта развіццё жывёлагадоўлі. Ён адзначыў, што ў мінулым годзе была створана вельмі добрая кармавая база, але супакойвацца нельга.
— У мінулым годзе было нарыхтавана 8372 тоны кармавых адзінак, што больш за 2023 год на 34,6%. На ўмоўную галаву было нарыхтавана 35,4 цэнтнера кармавых адзінак. Зноў жа дзякуючы намаганням механізаратаў, якія добра працавалі на касавіцы і трамбоўцы, корма было нарыхтавана дастаткова. Але ж засяроджваю ўвагу агранамічнай службы на неабходнасці вырошчвання кукурузы не толькі на сілас, а і на зерне, для таго каб потым таксама ўводзіць яго ў рацыён жывёлы. Лічу, што ў 2025 годзе неабходна працягваць комплексна развіваць кармавую вытворчасць, больш эфектыўна выкарыстоўваць пашавыя ўгоддзі, своечасова праводзіць іх падкормку і падсеў. Працуем мы і па сортаабнаўленні: залажылі плошчы на насенне элітнай канюшыны. Упэўнены, што далейшага развіцця не атрымаецца без стабілізацыі жывелагадоўлі, далейшага ўмацавання кармавой базы і ўмоў захоўвання. У гэта мы будзем укладваць свае грошы, — падкрэсліў Пётр Пятровіч.
Ён нагадаў прысутным аб тым, што у 2024 годзе на грошы сельгаспрадпрыемства былі адрамантаваны сенажныя траншэі на фермах Сваташыц і Глебава. На ферме Волева адрамантавана агароджа на выгульнай пляцоўцы. У гэтым годзе ў Волева, Глебава, Пнявічах будуць адрамантаваны падсобныя памяшканні, працягнецца работа па абсталяванні выгульных пляцовак і сенажных траншэй.
— Вядзецца работа па аднаўленні сельскагаспадарчых машын. На прэмію, якой нас узнагародзілі за перамогу ў конкурсе па культуры земляробства, быў набыты трактар, правялі за лік субвенцый дзяржавы і крэдытаў рамонт тэхнікі ў спецыялізаваных прадпрыемствах. Толькі на 458 тысяч рублёў закуплена запчастак для рамонта трактараў і машын. Лічбы вялікія, таму трэба да кожнай дробязі ставіцца вельмі беражліва. Увогуле, я лічу, што эканомія, дысцыпліна і якасць — жыццёва неабходныя ўмовы стабільнага існавання вытворчасці. Я жадаю кожнаму з нас добрага настрою на працу, аптымізма і дабрабыту, — пажадаў Пётр Сыса.
Аналіз работы дапоўнілі даклады спецыялістаў прадпрыемства. Падводзячы вынік схода, Аляксандр Карнееў падкрэсліў, што аналіз работы прадпрыемства быў вельмі падрабязны.
— Вы добра ведаеце свае рэзервы, сумленна ставіцеся да існуючых праблем. Вашы калектывы годна прайшлі няпросты перыяд рэарганізацыі. Таму, спадзяюся, планы, якія паставіў Пётр Пятровіч, калектыў выканае, што дапаможа ААТ «Герой» і кожнаму з вас упэўнена глядзець у заўтрашні дзень.
Алена КАРСАКОВА