Жители Дубровенщины собрались на районном празднике традиционной культуры

Дубровно, дубровенский, народное творчество, конкурс

У Доме культуры адбылося першае раённае свята традыцыйнай культуры “Народны каляндар у гліняным гаршочку”. Тут сабраліся госці з ўсёй Дубровеншчыны, якая славіцца сваім рамяством, абрадамі, звычаямі і танцамі.

Дубровно, дубровенский, народное творчество, конкурс

На гэтым свяце гледачы і ўдзельнікі адразу траплялі ў незвычайнае і цудоўнае асяроддзе: у фае можна было ўбачыць энтаграфічную выставу “З гарышчаў бабуль і дзядуль” рабочай групы па стварэнні музея і выставу ўдзельнікаў конкурса “Скарбы роднага краю” “Саламяны павук”. А ў танцавальнай зале працавалі разнастайныя пляцоўкі: майстар-класы метадыстаў раённага Дома рамёстваў і выставы “Традыцыйныя рамёствы” (ўдзельнікаў клуба “Дубрава”), вырабаў удзельнікаў гурткоў Дубровенскага цэнтра дзяцей і моладзі, выстава ўдзельнікаў конкурса “Скарбы роднага краю” “Марачоўская свістулька”, “Жбан дабрабыту”. На сцэне гледачоў зацікавіла замацаванае вялікае бутафорскае кола, як сімвал руху сонца, з банэрамі з беларускім арнаментам па баках, а каля краю сцэны — печ і стол, засланыя абрусам.

Дубровно, дубровенский, народное творчество, конкурс

Адкрыццё фестываля пачалося з турніра бытавых танцаў. “Шмат танцаў нам пакінулі ў спадчыну нашы продкі. А якія арыгінальныя назвы маюць: “Какетка”, “Лысы”, “Мікіта”. У старажытнасці танец — гэта бадай адзіная магчымасць для дзеўкі і хлопца пазнаёміцца адзін з адным. Таму адпаведна, усе беларускія танцы — парныя. І сення мы з вамі даведаемся, як яны выконваюцца і як гэта рабілі нашыя продкі”, — распавяла вядучая.
Удзельнікамі раёнага конкурса турніра бытавых танцаў сталі сем пар: Дар’я Субоціна і Андрэй Пятроў з агр.Асінторф, Алена Чалпанава і Альберт Давідовіч, Надзея Сівіцкая і Кірыл Міхайлеўскі з Калінаўкі, Ангеліна Хахлова і Філіп Жаваранкаў са Сваташыц, Хрыстына Чмаркова і Віталій Чачуёў са Станіславова, Ульяна Журава і Кірыл Вашчылаў з агр. Буда, Алена Аліева і Цімафей Бугаёў з агр.Зарубы. Яны прадэманстравалі пяць танцаў — “Базар”, “Лявоніха”, “Мікіта”, “Падэспань”, “Какетка”.
Ацэньвала турнір кампетэнтнае журы: Уладзімір Бабічаў, дырэктар ДУК “Раённы цэнтр народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Дубровенскага раёна”, Яна Шаргаёва, настаўнік па класу харэаграфіі ДУА “Дубровенская дзіцячая школа мастацтваў імя Фарыда Яруліна”, Марыя Галубцова, метадыст па харэаграфіі ДУК “Раённы цэнтр народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Дубровенскага раёна”.
Лепшым выканаўцам у турніре беларускіх бытавых танцаў сталі Алена Чалпанава і Альберт Давідовіч з аг.Калінаўка.
Затым удзельнікі фестываля — фальклорныя калектывы раёна — паказалі святы і абрады, якія захоўвалі нашы продкі на працягу ўсяго года. З абрадам “Прыйшла Каляда…” завітала ўзорнае фальклорнае аматарскае аб’яднанне “Глыбінка” Калінаўскага сельскага Дома культуры. Лютаму прысвяцілі музычны нумар Алена Еслікава і Марыя Змітровіч. Жанчыны з фальклорнага гурта “Грамніцы” пагукалі вясну. Пасля кожнага выступлення кіраўніка калектыву запрашалі перавесці стрэлку на другі месяц на коле народнага календара.
Пасху на фестывалі сустрэлі з песняй у выкананні народнага фальклорнага калектыву “Кудзеліца”. Абрад мая — “Святы Юр’я настаў” — паказаў фальклорны гурт “Станіславоўская скарбонка”.

Дубровно, дубровенский, народное творчество, конкурс

Чэрвень на Дубровеншчыне славіцца пленэрам па жывапісу “Дубровенскія краявіды”, які праходзіць пяты год запар. На сцэну былі запрошаны яго ўдзельнікі: Аляксандр Хацееў, Аксана Анікеева, Вольга Аляксеева, Алена Гілясева, Аксана Раўковіч, Галіна Прышчэпава, Ганна Дудаўцова, Паліна Мядзведзева.
Свята сонца і агню Купалле, якое адзначаецца ў ліпені, дапамаглі адчуць песня ў выкананні Алены Чалпанавай, і байка, якую расказала Наталля Савіцкая (Калінаўскі СДК).
У гонар жніўня фальклорны гурт “Спадчына” з Ерамееўскага СДК і Антаніна Марозава з Калінаўскага СДК прапанавалі гледачам дажыначныя песні.
З абрадам “Багач” — вераснёўскім святам ураджаю, — выступіў фальклорны гурт “Медуніца” (Зарубскі СДК). Жыхарка аг.Ляды Кацярына Цімафееўна Пузырова выканала песню “Зязюля”, а з байкай “Пераборлівая нявеста” выступіла Хрысціна Шчуко з Ляднянскага СДК.
Акрамя таго, ў рамках раённага свята былі падведзены вынікі раённага конкурса па захаванні і папулярызацыі традыцый Дубровеншчыны “Скарбы роднага краю”, які праходзіў са студзеня. У намінацыі “Жбан дабрабыту” лепшай стала каманда Сваташыцкага СДК, у намінацыі “Саламяны павук” пераможца — Ерамееўскі СДК. У намінацыі “Марачоўская свістулька” перамог Асінторфскі СДК.
Юлія СТАРАВОЙТАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *