Добруш сустрэне Дзень беларускага пісьменства

Дубровно,Добруш,день письменности

«Дзень беларускага пісьменства» штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня.
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах — цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.
У 2022 годзе Дзень беларускага пісьменства прыме горад Добруш, вядомы з XVI стагоддзя. Тут былі заснаваны першыя ў Беларусі папяровая фабрыка (1870) і фарфоравы завод, а знакамітым ураджэнцам Добрушскага краю з’яўляецца класік нацыянальнай літаратуры — пісьменнік, сцэнарыст і драматург Іван Шамякін. Урачыстае адкрыццё помніка Івану Пятровічу Шамякіну стане адной са знакавых падзей свята. Знойдзе адлюстраванне ў святочнай праграме і 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы, юбілейных дат іншых беларускіх пісьменнікаў.
У рамках свята ўдзельнікі і госці могуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама па традыцыі на Дні беларускага пісьменства праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.
Яшчэ адна цікавая падзея чакае гасцей і жыхароў горада — конкурс чытальнікаў «Жывая класіка», які будзе праводзіцца ў шосты раз. Яшчэ на першым этапе ў ім прынялі ўдзел больш за 16 тысяч юных чытальнікаў, а ў фінал выйшлі 15. На адной з пляцовак у Добрушы адбудзецца канцэртная праграма з удзелам дзіцячых творчых калектываў і фіналістаў конкурсу.
Значным мерапрыемствам стане і маладзёжны фестываль удзельнікаў Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства». Свае творчыя праекты прэзентуе Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Тут жа на рамесных шэрагах «Ад спадчыны да сучаснасці» можна будзе ўбачыць унікальныя аўтэнтычныя вырабы. У дні свята пройдуць таксама традыцыйны міжнародны фестываль «Славянскія літаратурныя дажынкі», уручэнне абласной літара¬турнай прэміі ім. К.Тураўскага, рэгіянальнае свята духавых аркестраў «Фанфары Гомельшчыны», персанальная выстава ганаровага грамадзяніна Добруша, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Пракапцова. У цэлым падчас свята ў Добрушы разгорнуцца каля 20 асноўных пляцовак.
Тыя, хто не маюць магчымасці наведаць Добруш, могуць далучыцца да матчынай мовы іншым спосабам: 3 верасня, у суботу, пройдзе адкрытая дыктоўка па беларускай мове «Агульная дыктоўка».
Для таго, каб ўзяць удзел у дыктоўцы-2022 і тым самым выказаць любоў да роднай мовы, трэба зарэгістравацца на сайце dyktouka.lidskae.by і адзначыць, як плануеце пісаць: анлайн ці ў Lidbeer Dvor.
Падрыхтавала Алена КАРСАКОВА.