3 января банковские и финансовые работники страны отметят свой профессиональный праздник
У першыя дні студзеня прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі банкаўскай сферы і фінансавых органаў. ЦБП №210 філіяла №215 ААТ «ААБ Беларусбанк» — гэта невялікі, але ж вельмі дружны калектыў прафесіяналаў. З 2008 года працуе тут Наталля Вярхуша. Яна займае пасаду загадчыка сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу. Напярэданні прафесійнага свята стала вядома, што Наталля Віктараўна ўзнагароджана ганаровай граматай ЦБП. Мы вырашылі пацікавіцца, як жанчына прыйшла ў прафесію і як зараз змяняецца фармат зносін паміж банкам і кліентамі. —Наталля Віктараўна, як пачаўся Ваш працоўны шлях?
—У школе мне вельмі падабаліся дакладныя навукі, таму і вырашыла стаць эканамістам. Пасля заканчэння Гомельскага кааператыўнага інстытута працавала ў Дубровенскім райспажыўтаварыстве, а потым перайшла ў банкаўскую сферу.
Прыйшлося шмат чаму вучыцца занава, прапрацоўваць заканадаўчыя акты. Дарэчы, працэс навучання не спыняецца і зараз: то новае камп’ютарнае забеспячэнне трэба вывучаць, то змяняюцца нарматыўныя акты. Таму мы заўсёды вельмі ўважліва сочым за ўсімі пераменамі і своечасова знаёмім з імі нашых кліентаў.
—Калі ласка, раскажыце пра актуальныя зараз формы работы банка з кліентамі?
—У апошнія гады ААТ «ААБ Беларусбанк» актыўна ўкараняе дыстанцыйнае банкаўскае абслугоўванне (ДБА) сваіх кліентаў. Яно дае магчымасць эканоміць час на наведванне аддзяленняў банка, а ўсе аперацыі рабіць за хатнім або офісным камп’ютарам. Да спецыялістаў аддзялення можна звярнуцца толькі ў вызначаны час, а пры дыстанцыйным абслугоўванні нашы паслугі становяцца даступнымі кругласутачна і без усялякіх выхадных. Прычым выконваць можна не адну-дзве аперацыі, а цэлы комплекс, пачынаючы ад аплаты за мабільную сувязь і заканчваючы набыццём білета ў кіно або на цягнік
—І ўсё ж для таго, каб карыстацца ДБА, неабходны камп’ютар…
—Усе віды абслугоўвання дыстанцыйнай формы даступны не толькі са стацыянарнага камп‘ютара, а практычна з любога гаджэта. Імі можна карыстацца ў паездках, падчас прагулкі на свежым паветры нават за мяжой, калі ёсць свабодны доступ у інтэрнэт.
Напрыклад, вы запланавалі паездку за мяжу, але ў гэты перыяд неабходна ўносіць чарговы плацёж за крэдыт. Літаральна ўсюды можна зрабіць гэта без непасрэднага наведвання нашага банкаўскага аддзялення.
—Калі паглядзець пералік дыстанцыйных паслуг, то яны падобныя, а вось формы абслугоўвання — розныя. Як разабрацца, якую выбраць?
—Кожная форма мае свае адметнасці і перавагі. Інтэрнэт-банкінг, напрыклад, лічыцца самым папулярным, але ў М-банкінга ёсць сэрвіс «Лакатар банкаўскіх паслуг», з дапамогай якога лёгка адшукаць інфармацыю аб месцы знаходжання бліжэйшых банкаматаў, інфакіёскаў, банкаўскіх устаноў. У звестках адлюстраваны рэжым работы, спіс даступных аперацый. Там жа можна знайсці і дадзеныя аб пунктах гандлю і сэрвісу, дзе ўладальнік плацёжнай карткі нашага банка можа атрымаць дадатковыя зніжкі.
—З ростам колькасці ўладальнікаў плацёжных картак павялічваецца і крымінальная статыстыка. Ці не дабавіць рызыкі стаць ахвярай махляроў дыстанцыйнае абслугоўванне?
—Відавочна, што злачынствы, звязаныя з плацёжнымі карткамі, вынік даверлівасці іх уладальнікаў: папрасіў знаёмага зняць грошы, укралі кашалёк, дзе разам з карткай захоўваецца і ПІН-код… Але ў сферы карыстання ДВА, якія распаўсюджваюцца ў апошнія гады вельмі актыўна, не зарэгістравана ніводнага злачынства.
Для забеспячэння бяспекі ўсіх аперацый тут выкарыстоўваецца шматфункцыянальная сістэма абароны, пачынаючы ад вызначэння асобы карыстальніка і заканчваючы рознымі механізмамі шыфравання дадзеных.
Але і тут грамадзяне павінны быць асцярожнымі: шкодных вірусных праграм, а таксама віртуальных махляроў хапае ў сусветнай сетцы.
—Наталля Віктараўна, як завяршаецца 2020 год для сектара, якім вы кіруеце?
—Год мы завяршаем на аптымістычнай ноце, у нас атрымалася выканаць усе прагнозныя паказчыкі. У гэтым вялікая доля намаганняў нашых супрацоўніц аперацыйнай службы і яе кіраўніка Ірыны Асіпенка, спецыялістаў сектара Наталлі Радкевіч і Вольгі Шаўлінскай. Карыстаючыся магчымасцю, жадаю ўсім у надыходзячым годзе дабрабыту, міру і здзяйснення ўсіх мар!
—Дзякуй за размову. Мы так сама віншуем Вас, Наталля Віктараўна, з працоўнай узнагародай і жадаем усяго самага лепшага.
Алена КАРСАКОВА.