Дзве перамогі Уладзіміра Пабойкіна
Першым вадзіцелем, які на жніве-2019 перавёз ад камбайнаў да зернятока дзве тысячы тон зерня, стаў кіроўца ААТ «Праўда-С» Уладзімір Пабойкін.
З гэтай нагоды раніцай 6 жніўня пляцоўка каля збожжасушыльнага комплексу сельгаспрадпрыемства пераўтварылася ў п’едэстал працоўнага гонару. Героя жніва павіншаваць з дасягненнем завітаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Малянкоў, які ўручыў Уладзіміру Пабойкіну грамату і грашовую прэмію. Да віншаванняў далучыўся і прафкам сельгаспрадпрыемства, старшыня пярвічкі Вольга Калько таксама ўручыла падарунак лідару жніва.
Уладзімір Пабойкін працуе у ААТ «Праўда-С» чацвёрты год. Але маладым працаўніком яго назваць нельга: вадзіцельскі стаж— больш дзесяці гадоў. Да таго часу, як уладкавацца на працу ў сельгаспрадпрыемства, ён колькі часу дапамагаў тут толькі падчас жніва.
— Я сем гадоў адпрацаваў вадзіцелем у інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін, — расказваў Уладзімір Уладзіміравіч. — А потым дырэктар ААТ «Праўда-С» Аляксей Хахлоў прапанаваў перайсці на пастаяннае месца. Вось так я і стаў працаваць у гэтай гаспадарцы. І не шкадую!
Аб тым, што калісьці быў зроблены правільны крок, сведчыць той факт, што кожнае жніво — працаўнік сярод пераможцаў. Аднак першае месца для яго ў гэтым годзе сапраўды першае. Як адзначыла галоўны аграном ААТ «Праўда-С» Алена Чачуёва, працуе кіроўца самааддана. Яго МАЗ-555 за светавы дзень па маршруце поле-зерняток праязджае 17-20 кругоў, спідометр наматвае да 200 кіламетраў. Зерне ідзе добрае, таму спяшаюцца працаўнікі зрабіць як мага больш, пакуль дазваляе надвор’е.
Была і яшчэ адна нагода павіншаваць у гэтую раніцу Уладзіміра Пабойкіна: напярэданні ўвечары яго жонка нарадзіла дзіця — сына. Гэта немаўлятка стала трэццім дзіцём у сям’і, дзе ужо растуць дзяўчынка і хлопчык. Шчыра віншуем Уладзіміра Пабойкіна з працоўнай пабедай, нараджэннем сына і жадаем задавальнення ад працы і ладу ў сям’і.
Акрамя таго, старшына прафкама прадпрыемства ўручыла падарунак камбайнеру Мікалаю Чэкчыкаву, які з’яўляецца лідарам жніва сярод камбайнераў сельгаспрадпрыемства і займае, па стане на раніцу 5 жніўня , чацвёртае месца ў раённым спаборніцтве механізатараў.
Алена КАРСАКОВА.
Фота аўтара.