Вынікі трылогіі малой радзімы
Кожны год у нашай краіне абвяшчаецца тэматычным, прысвечаным якой-небудзь важнай нагодзе. На гэты раз тэме малой радзімы з-за яе выключнага значэння, доўгатэрміновасці рэалізуемых праектаў аказалася прысвечана цэлая трылогія. Ініцыятыва правядзення, а потым і пашырэння часавых рамак прыналежыць Прэзідэнту. Галоўнай мэтай ініцыятывы было стымуляванне сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі беларусаў, захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі. Стартаваўшы ў 2018-м, кожны наступны год падхопліваў эстафету ў папярэдняга і аб’ядноўваў усё больш людзей, якія імкнуцца зрабіць любыя сэрцу куткі яшчэ больш утульнымі і прыгожымі.
У 2018 годзе пад эгідай Мінпрыроды стартавала экалагічная кампанія «Добраўпарадкуем малую радзіму». З актыўным удзелам жыхароў за тры гады ў населеных пунктах высаджана больш за 2,5 млн дрэў і кустоў, добраўпарадкавана больш за 8670 спартыўных і гульнявых дзіцячых пляцовак. У час акцыі «Чысты вадаём» за тры гады ў парадак прыведзена больш за 3,5 тыс. км берагавой лініі вадаёмаў і вадацёкаў. Таксама абследаваны 1183 крыніцы, выяўлены і ўнесены ў рэестр водных аб’ектаў 76 новых крыніц.
Прыярытэтная ўвага была ўдзелена лесааднаўленню. У 2018-2020 гадах за кошт сеяння і пасадкі ў краіне створана каля 117 тыс. га новых лясоў. Гэта больш, чым плошча самага вялікага горада Беларусі — Мінска, прыкладна ў 3,5 раза! Істотную дапамогу лесагаспадарчым установам у Гады малой радзімы аказалі грамадзяне. Толькі ў час акцыі «Тыдзень лесу» (праводзіцца штогод вясной) за тры гады высаджана больш за 78 млн дрэў па ўсёй краіне, прыбрана каля 10 тыс. кубаметраў смецця і захламленасці ў лясным фондзе, закладзена некалькі соцень памятных алей у гонар выдатных людзей Беларусі.
А ўдзельнікамі акцыі «Чысты лес» за 2018-2020 гады сталі больш за 120 тыс. чалавек. З іх дапамогай у лясным фондзе прыбрана каля 17 тыс. кубаметраў смецця і захламленасці, прыведзены ў парадак лясныя масівы ўздоўж прыдарожных палос, добраўпарадкаваны месцы паблізу мемарыяльных комплексаў і памятных знакаў.
Навядзенне ўзорнага парадку на зямлі немагчыма без уключэння ў гаспадарчы абарот нявыкарыстаных або вызваленых зямельных рэсурсаў. Так, у 2018-2020 гадах знесена больш за 14 тыс. пустуючых і старых жылых дамоў, больш за 1100 неэксплуатуемых будынкаў і збудаванняў, а таксама праведзена рэкультывацыя і ўвядзенне ў гаспадарчы абарот больш як 400 га зямель, вызваленых пасля зносу гэтых аб’ектаў.
Таксама за тры гады ў краіне выведзена з эксплуатацыі і рэкультывавана 899 міні-палігонаў і 683 унутрыгаспадарчыя кар’еры.
У гады малой радзімы прадоўжылася развіццё інфраструктуры населеных пунктаў, паляпшалася якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі насельніцтву, далейшае развіццё сучаснай інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры. Шмат увагі ўдзялялася стымуляванню дзелавой актыўнасці грамадзян, забеспячэнню занятасці і самазанятасці.
Акрамя таго, важным напрамкам было захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей. За 2018-2020 гады адрэстаўрыравана 379 помнікаў архітэктуры, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Сярод найбольш знакавых аб’ектаў, уведзеных у эксплуатацыю, варта назваць Барысаглебскую (Каложскую) царкву ў Гродне, будынак музея Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, аб’екты Брэсцкай крэпасці, мемарыяльны комплекс «Прарыў», вежы Лідскага замка, капліцу-пахавальню ў Гомелі, радавы маёнтак Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор Іванаўскага раёна, манумент Перамогі, помнік гісторыі «Трасцянец».
Неабходна адзначыць, што ў гады малой радзімы многія людзі ўключаліся ў гэты працэс не фармальна, з усведамленнем таго, як шмат ужо зроблена. Гэта асабліва важна, бо часам, каб дадаць прывабнасці той мясціне, дзе ты вырас або жывеш, патрэбны не адміністрацыйныя рычагі і фінансаванне, а ўласная ініцыятыва і ўнутранае рашэнне ўзяць на сябе адказнасць за родную зямлю. Яркай з’явай можа стаць прыклад сям’і Клімук па аднаўленні «Каралінскага фальварка Тызенгаўза», што знаходзіцца побач з Гроднам. Яны рызыкнулі адрадзіць цэлы вялікі маёнтак. І гэта ім удалося: сёння старадаўняя сядзіба ператварылася ў адну з кропак прыцягнення турыстаў, дзе можна акунуцца ў атмасферу XVII-XVIII стагоддзяў. Некаторыя работы яшчэ вядуцца, маёнтак расце і ўдасканальваецца, але для гасцей дзверы адкрыты круглы год.
Акрамя таго, актыўна праводзілася даследчая работа, прысвечаная тэме малой радзімы. Так, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі праведзены цыкл навукова-практычных семінараў і канферэнцый па тэме «Рэгіёны Беларусі на гісторыка-культурнай карце краіны». Таксама значнай падзеяй стала падрыхтоўка і публікацыя новых выпускаў кніжнай серыі «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі».
Такім чынам, трылогія малой радзімы дапамагла нам адчуць асаблівую сувязь з роднай зямлёй. Яна звярнула нас да вытокаў — да мясцін, дзе часцей б’ецца сэрца, прыгадваецца самае запаветнае. Яна нагадала нам, дзе тыя крыніцы, якія жывяць нас сілай і энергіяй. Беларусы аб’ядналіся ў імкненні зрабіць кожны куток Беларусі не проста прыгожым, а ўзорным. І 2020 год, як заключны год трылогіі малой радзімы, сапраўды стаў для мільёнаў нашых суайчыннікаў годам патрыятызму, калі кожны змог знайсці дарогу да сваіх родных мясцін, якія натхняюць і даюць сілы жыць і плённа працаваць на карысць Беларусі.