Назад в прошлое: В Дубровно из-за провокатора погибли подпольщики

Дубровно, солдат, Великая Отечественная война, подполье, Красная Армия, Витебская область

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая прынесла савецкаму народу шмат гора, пакут, выпрабаванняў. Вораг рваўся да Масквы, на яго шляху ляжала Дуброўна, якое было акупіравана ў сярэдзіне ліпеня 1941 года. Аб тым, як разгортвалася барацьба з ненавісным ворагам у акупіраваным, але не пакораным нашым краі, апавядаецца ў гэтым артыкуле.

«Знішчыць жыццёвую сілу…»

… Фронт адкаціўся ад Дубровенскага раёна, з артылерыйскімі грымотамі пакаціўся далей на ўсход. Нямецкая прапаганда захлёбвалася пераможнымі паведамленнямі. Акупіраванаму насельніцтву забаранялася мець радыёпрыёмнікі, каб не слухаць звесткі з усходу, хоць яны на першым этапе вайны былі несуцяшальнымі. Канчатковую мэту агрэсіі Гітлер вызначыў так: “Знішчыць жыццёвую сілу Расіі. Не павінна застацца ніякіх палітычных утварэнняў, здольных да адраджэння”.

У невялічкім Дуброўна размяшчаліся ваенная камендатура, каманда СД-9, каманда ГФП №723 (тайная палявая паліцыя), разведвальная і контрразведвальная групы “Абвера”, раённая паліцыя службы парадку.

Была створана сістэма нямецкіх гарнізонаў, найбольш буйныя з іх стаялі ў Дуброўна і Асінторфе. На тэрыторыях сельсаветаў былі створаны воласці на чале з валаснымі бургамістрамі, у вёсках прызначаліся старасты. Была таксама ўведзена строгая прапускная сістэма. За парушэнне “новага парадку” амаль на кожным кроку вывешвалася пагрозлівае папярэджанне з адным і тым жа заключным словам “расстрэл”.

Здавалася б, у такіх умовах людзям ужо і дыхаць страшна. Але гэта толькі так здавалася. У людзях выспявалі гронкі гневу, завязь якіх з’явілася ў самыя першыя дні вайны, калі мужчын масава мабілізавалі на фронт, сем’і заставаліся на руках у жанчын, і над усімі і ўсім павіс знак бяды. Найбольш рашучых і менш скаваных сямейнымі абставінамі паднявольнае становішча клікала на супраціўленне, на барацьбу, на помсту.

Тут трэба адразу сказаць, што супраціўленне, барацьба з акупантамі і іх прыслужнікамі з самага пачатку не былі стыхійнымі, эмацыянальнымі. Яны былі добра прадуманымі і арганізаванымі беларускімі кіруючымі партыйнымі і савецкімі органамі. І мы будзем абапірацца не на эмоцыі, а на факты.

Дубровно, солдат, Великая Отечественная война, подполье, Красная Армия, Витебская область

У барацьбе разам з суседзямi

16 ліпеня 1941 года акупантамі былі захоплены Орша і Дуброўна. І якраз 16 ліпеня на загадзя падрыхтаванай базе ля пасёлка Асінторф, што на Дубровеншчыне, сабралася частка пакінутых для падпольнай работы камуністаў. З’яўляецца Аршанскі падпольны партыйны цэнтр, у які ўваходзяць Лявон Анкіновіч, Аляксандр Скаварада і Апанас Шкабарын. Тут былі прыняты першыя рашэнні цэнтра (затым ён пачаў дзейнічаць з вёскі Крашына, якая значна бліжэй да Оршы і адкуль быў родам Л.Н.Анкіновіч) аб разгортванні падполльнай барацьбы ў Оршы і наваколлі.

“Наваколле” ў гэтым разе ўключала і Дубровенскі раён, праз які пралеглі стратэгічныя чыгуначная і шашэйная магістралі — аб’екты пільнай увагі і барацьбы з ворагам падпольшчыкаў і партызан. Былі падключаны дубровенскія патрыёты, якія таксама дзейнічалі арганізавана і былі звязаны з аршанскім падполлем. Гэтая сувязь ішла праз накіраванага ў раён Асінторфа праз лінію фронта прадстаўніка ЦК КП(б)Б і Віцебскага абкама партыі І.С.Шурмана, мясцовых патрыётаў, таксама пакінутых для арганізацыі падпольнай барацьбы ў Дуброўна і раёне.

Узгодненыя дзеянні давалі добры плён. Накапліваліся зброя і боепрыпасы, сабраныя на месцы баёў, ужо восенню 41-га дубровенскія падпольшчыкі прынялі і вывелі ва ўмоўленае месца дэсант парашутыстаў, выкінутых для дапамогі ў арганізацыі партызанскага руху.

У кастрыніку таго ж года лінію фронта з невялікім атрадам перайшоў былы начальнік Аршанскага паравознага дэпо К.С.Заслонаў. Ён накіроўваўся ў Оршу, каб помсціць ворагу. Яго першым апорным пунктам на акупіраванай тэрыторыі стала вёска Заполле на Дубровеншчыне (не існуе з канца 1980-х гадоў).

Тут у доме і падвор’і Алены Якаўлеўны Мішкаруднай схаваў ён да пары зброю, узрыўчатку, маёмасць, пра што праз гады пісаў з вялікай удзячнасцю гэтай вясковай жанчыне член групы Заслонава (затым камісар партызанскага атрада) міністр аўтатранспарту БССР Герой Сацыялістычнай Працы Анатоль Яўгенавіч Андрэеў.

Дубровно, солдат, Великая Отечественная война, подполье, Красная Армия, Витебская область

Падпольны рух на Дубровеншчыне

Падыдзем бліжэй да разгортвання падпольнай барацьбы і партызанскага руху на Дубровеншчыне. Тут яшчэ да прыходу акупантаў дырэктар торфапрадпрыемства “Асінторф” Г.Г.Амельчанка, начальнік спецчасткі гэтага прадпрыемства Е.Л.Грышчанок і іншыя правераныя людзі атрымалі заданне стварыць базу для развіцця партызанскага руху.

Месцам базы стаў 62-і квартал Шчэрбінскага лясніцтва пад Асінторфам. Сюды на грузавіку былі завезены прадукты з магазінаў і складоў Асінторфа, Оршы, Дуброўна, а таксама боепрыпасы, зброя, медыкаменты, нават пішучыя машынкі і папера. База была выкарыстана па прызначэнню. Тут жа ў 1942 годзе быў сфарміраваны партызанскі атрад “Хуткі”, камандзірам якога стаў Г.Г.Амельчанка.

Ён жа, Амельчанка, сыграў важную ролю ў стварэнні Асінторфскай падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі, камандзірам якой стаў нядаўні сакратар школьнай камсамольскай арганізацыі Станіслаў Шмуглеўскі.

На рахунку асінторфскіх падпольшчыкаў нямала высока патрыятычных і нават гераічных спраў — ад прамых дыверсій і разведкі да разлажэння фарміраванняў так званай рускай народнай арміі ці масавага пераводу “ўзброеных” народнікаў (800 чалавек) да заслонаўцаў (з К.С.Заслонавым арганізацыя мела цесную сувязь, легендарны партызанскі камбрыг да сваёй гібелі накіроўваў дзеянні асінторфскіх падпольшчыкаў).

Але тут мы выкарыстаем іншы факт, які ў свой час паведаміў С.П.Шмуглеўскі.

У 1941-1942 гадах на 4-м і 5-м пасёлках Асінторфа акупанты трымалі каля дзвюх тысяч савецкіх ваеннапалонных, бязлітасна эксплуатуючы іх на здабычы і пагрузцы торфу. Ад недаядання, здзекаў і знясільваючай працы людзі мерлі як мухі. Трупы палонных скідваліся ў тарфяныя кар’еры. Падпольшчыкам удалося выратаваць 40 чалавек, якіх яны вывелі ў партызанскую зону.

Юныя падпольшчыкі працягвалі барацьбу да апошняй магчымасці, а калі над арганізацыяй навісла пагроза правалу, яны перайшлі ў 16-ю Смаленскую партызанскую брыгаду І.Р.Шлапакова.

У пачатку вайны з Заходняй Беларусі ў раён вярнуўся С.С.Максіменка, які да 1939 года быў загадчыкам аддзела Дубровенскага райкама партыі. Такім жа чынам аказаўся тут ураджэнец гэтых месц, былы сакратар Валожынскага райвыканкама В.Ф.Мальчэўскі.

Як і ў прыкладзе з Аршанскім падпольным цэнтрам, у Дуброўна для арганізацыі падпольнай барацьбы ў горадзе і раёне былі пакінуты загадчык ваеннага аддзела райкама партыі І.М.Леўчанка, упраўляючы Дубровенскага маслапрома А.П.Кудрашоў, начальнік спецчасткі сувязі горада Орша, ураджэнец тутэйшых месц А.І.Палітаў, для сувязі з аршанскім падполлем—камуністы А.Ф.Мартыноўскі, брыгадзір Дубровенскай МТС, І.Т.Кляўзо, ткач фабрыкі “Дняпроўская мануфактура” і іншыя.

Падпольшчыкі Дубровеншчыны адразу прыступілі да канкрэтнай шкодніцкай работы супраць акупантаў. Асноўнай задачай патрыёты ставілі дыверсіі на чыгунцы, збор боепрыпасаў і зброі на месцах нядаўніх баёў для перадачы партызанам, а таксама каштоўных разведданых, якія па каналах сувязі ішлі па прызначэнню. Гэта, у прыватнасці, адзначалі камандзір партызанскай брыгады “Баця” (В.У. Бойка), інструктар Віцебскага падпольнага абкама партыі Е.І.Майзіт, яна чатыры дні правяла ў Дуброўна, іншыя кіраўнікі і арганізатары ўсенароднай барацьбы з ворагам.

Падпольная група пад кіраўніцтвам А.І.Палітава дзейнічала ў вёсцы Пірагі. Такі факт. У пачатку красавіка 1942 года з групай у 13 чалавек выйшаў у лес і размясціўся ў раёне вёскі Пірагі В.Ф. Мальчэўскі, перад якім была пастаўлена задача стварыць партызанскі атрад. Пры садзейнічанні А.І.Палітава група хутка папаўнялася людзьмі і зброяй, выходзіла на адкрытыя дзеянні супраць ворага. Потым злучылася з выйшаўшай з Оршы групай Макса Хадорыка, які стаў камандзірам цяпер ужо партызанскага атрада. Камандзірам быў прызначаны В.Ф.Мальчэўскі.

А.І.Палітаў да канца змагаўся на сваім пасту, потым пайшоў на фронт і загінуў смерцю храбрых.

Падпольная арганізацыя была створана ў вёсцы Станіславова. Падпольшчыкі сабралі многа зброі, боепрыпасаў, схаваўшы ўсё гэта ў Велідарскай лясной дачы. Вясной 1942 года станіславоўскія патрыёты перадалі зброю партызанскаму атраду К.С.Заслонава і самі ўліліся ў яго атрад. У атрад “Дзядзі Косці” прыйшлі таксама 12 камуністаў і камсамольцаў з Дуброўна.

Так падпольшчыкі наносілі адчувальную шкоду ворагу. Але не трэба думаць, што самі яны былі заўсёды няўлоўнымі мсціўцамі, ім супрацьстаяў хітры, каварны і бязлітасны праціўнік.

У самым пачатку сваёй дзейнасці былі страты (два браты Я.І. і М.І. Цяленчанкі) у Асінторфскай падпольнай арганізацыі.

Дубровно, солдат, Великая Отечественная война, подполье, Красная Армия, Витебская область

Добра разгарнула баявыя дзеянні дубровенская падпольная група. Але па даносу здраднікаў яе кіраўнік С.С.Максіменка быў арыштаваны. Вясной 1942 года паліцыя арыштавала іншых застаўшыхся ў горадзе камуністаў. 18 мая С.С.Максіменка і яшчэ пяць камуністаў-падпольшчыкаў былі расстраляны ва ўрочышчы “Лугаўцы” ў двух кіламетрах ад Дуброўна. А.П.Кудрашову тады ўдалося пазбегнуць арышту, ён змагаўся і памёр на баявым пасту. У жорсткай схватцы з карнікамі загінуў І.М.Леўчанка.

Такі ж трагічны ваенны лёс напаткаў Новатухінскую падпольную арганізацыю, якую стварыў камуніст В.Р.Свойнікаў. У арганізацыю ўвайшлі яго жонка Соф’я Мартынаўна, дачка, камсамолка-настаўніца Е.В.Свойнікава і яшчэ дзесятак патрыётаў — былы партыйны работнік, камсамольцы, калгаснікі, рабочы.

Два ўзарваныя грузавікі з ваенным грузам, два спушчаныя пад адхон варожыя воінскія эшалоны, вывад з лагераў нашых ваеннапалонных байцоў і камандзіраў, падрыхтоўка папаўнення партызанскім атрадам, наводка партызан на нямецкія абозы з нарабаванымі ў насельніцтва прадуктамі харчавання і маёмасцю, забеспячэнне неабходнымі дакументамі патрэбных людзей (гэтым займаліся члены групы новатухінскі бургамістр Гаўрыіл Кузьмянкоў і пісар Іван Саўкін — гэта далёка не ўсё, што ўдалося, што паспелі зрабіць патрыёты.

У арганізацыю быў засланы правакатар, які ўвайшоў у давер і выдаў усіх падпольшчыкаў. Яны былі схоплены, дастаўлены ў Оршу і пасля катаванняў расстраляны.

Гібель дубровенскіх і новатухінскіх падпольшчыкаў была вялікім ударам для падпольна-партызанскай барацьбы на Дубровеншчыне. Але тут названа зусім мала імён. А называць толькі тых, чые імёны вядомы, можна было б яшчэ і яшчэ. І колькі невядомых нам патрыётаў кіпелі нянавісцю да акупантаў, ішлі ў партызаны, былі партызанскімі сувязнымі, дапамагалі народным мсціўцам, чым маглі.

Гэта і была ўсенародная барацьба супраць чужынцаў, якая закончылася перамогай.

Фёдар КУЛАКОЎ

One thought on “Назад в прошлое: В Дубровно из-за провокатора погибли подпольщики

  • 25.06.2011 в 6:06 пп
    Permalink

    Дзякую за перамогу!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *