В Лядах заработает новая зерносушилка
Галоўная праблема на жніве для пераважнай большасці гаспадарак Дубровенскага раёна — пасляўборачная дапрацоўка збожжа. Забяспечанасць збожжасушыльнымі комплексамі ў цэлым па раёне складае ўсяго 26 працэнтаў (у цэлым па вобласці — 50 працэнтаў). Гэта галоўны фактар, які адмоўна ўздзейнічае на тэмпы ўборкі збожжавых. Толькі ААТ “Усход-Чырына” мае сучасны збожжасушыльны комплекс, які некалькі гадоў назад быў узведзены ў аграгарадку Чырына.
Сёлета будзе вырашана гэтая праблема і ў КУСГП “Прыдняпроўскі”.
У ліпені спецыялісты Ціраспальскай ПМК у аграгарадку Ляды прыступілі да мантажу абсталявання новага збожжасушыльнага комплексу ЗСК-30Ш-Ж.
Праектная магутнасць збожжасушылкі — 30 тон зерня ў гадзіну.
Праўда, мантаж збожжасушылкі зацягваецца з-за несвоечасовай пастаўкі камплектуючых вузлоў і агрэгатаў. Нядаўна мантажныя работы часова спыніліся з-за непастаўкі заводам топачных агрэгатаў. Пры іх паступленні работы па мантажу абсталявання будуць завершаны.
Такім чынам, з уводам у эксплуатацыю новай збожжасушылкі, у жніво 2012 года ў КУСГП “Прыдняпроўскі” не будзе сур’ёзных тэхнічных праблем, якія б стрымлівалі ўборку і дапрацоўку збожжа. Гаспадарка мае восем сучасных збожжаўборачных камбайнаў, якія дазваляюць убіраць ураджай у аптымальныя тэрміны.
Нагадаем, што, згодна з абласной праграмай “Вітагра”, у нашым раёне ў гэтай пяцігодцы будуць пабудаваны яшчэ 6 новых збожжасушыльных комплексаў.
Андрэй КВІР