Газификация на Дубровенщине идёт ударными темпами
Напярэдадні прафесійнага свята газавікоў мы сустрэліся з дырэктарам філіяла РВУ “Дуброўнарайгаз” Дзмітрыем Валер’евічам ЛАБУНОВЫМ, партрэт якога занесены на Дошку гонару УП “Віцебскаблгаз”, і папрасілі расказаць аб працоўных буднях падначаленага яму калектыву.
ДЛ—Галоўная задача нашага калектыва, у якім працуюць каля паўсотні чалавек, — бясперабойнае і безаварыйнае забеспячэнне газам усіх спажыўцоў, — гаворыць Дзмітрый Валер’евіч. — Мне прыемна адзначыць, што з гэтай задачай нашы работнікі паспяхова спраўляюцца. Мы не маем нараканняў ад насельніцтва раёна па пытаннях дастаўкі звадкаванага і прыроднага газа, у гэтым годзе не было непрадбачных аварыйных сітуацый у функцыянаванні нашай гаспадаркі. Нашы работнікі вызначаюцца адказным падыходам да сваіх абавязкаў, працавітасцю.
АК—Ваша прадпрыемства складаецца з падраздзяленняў, кожнае з якіх выконвае канкрэтную задачу па забеспячэнню спажыўцоў блакітным палівам.
ДЛ—Безумоўна. Філіял РВУ “Дуброўнарайгаз” складаецца з некалькіх службаў, у кожнай з іх свае абавязкі.
Служба дастаўкі звадкаванага газа, якую ўзначальвае майстар Аляксей Сямёнавіч Бяркозаў, існуе з дня ўтварэння нашага прадпрыемства. Яе задача — дастаўка звадкаванага газа спажыўцам па ўсяму раёну, якія маюць газабалонныя ўстаноўкі.
На сённяшні дзень 6766 дамоў і кватэр Дубровеншчыны абсталяваны такімі ўстаноўкамі. Таму штодзень у розныя куткі раёна выязджаюць дзве брыгады на спецаўтамабілях, загружаных газавымі балонамі.
За восем месяцаў гэтага года вадзіцелі Мікалай Папруга і Уладзімір Калінін, слесары Сяргей Сасноўскі і Дзмітрый Хадуноў даставілі спажыўцам 7580 балонаў.
Бясперабойнае забеспячэнне спажыўцоў прыродным газам ажыццяўляе служба падземных газаправодаў і збудаванняў на іх, якую ўзначальвае майстар Аляксей Сямёнавіч Бяркозаў.
Яе супрацоўнікі абслугоўваюць 122,5 кіламетраў газаправодаў і ўсе газаразмеркавальныя пункты на іх. Дзякуючы іх стараннай рабоце прыродным газам сёння карыстаюцца 3104 спажыўцы.
Блакітным палівам, што паступае па трубах, забяспечаны не тольгі жыхары горада, але і васьмі сельскіх населеных пунктаў: Якубава, Буды, Станіславова, Асінторфа, Чыжоўкі, Пірагоў, Цеаліна, Шабаноў. А да канца гэтага года прыродны газ паступіць і ў вёску Жабыкі. У гэтай службе асабліва старанна працуюць вадзіцель-слесар Дзмітрый Кошалеў і слесар Аляксандр Кароткін.
Будаўніцтвам падземных размеркавальных і ўнутраных газаправодаў у нас займаецца служба, якую ўзначальвае майстар Вадзім Каўрыга. Там ёсць дзве добрыя брыгады газаэлектразваршчыкаў, якія займаюцца будаўніцтвам унутраных газаправодаў. Даўно працуюць у гэтай службе газаэлектразваршчыкі Раман Яхімовіч і Сяргей Балбатоўскі.
Пракладкай падземных размеркавальных газаправодаў і газаправодаў-уводаў займаюцца экскаватаршчык Валерый Шаранда і зваршчыкі поліэтыленавых труб Віктар Шаўцоў і Аляксандр Дземянкоў. За 7 месяцаў пабудавана 320 метраў падземных газаправодаў-уводаў.
АК—А ці праўда, што ўжо на ўсе вуліцы горада Дуброўна пракладзены газаправоды?
ДЛ—Так, на сённяшні дзень пераважная большасць вуліц у райцэнтры газіфікавана. За апошнія пяць гадоў у нашым раёне пабудавана 31,4 кіламетра газаправодаў, у тым ліку за сродкі грамадзян — 14,4 кіламетра і 10,4 кіламетра на льготных умовах па Указу №368 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сёлета такімі льготамі вырашылі скарыстацца 9 сям’яў вёскі Жабыкі, якія аб’ядналіся ў калектыў індывідуальных забудавальшчыкаў. Цяпер па вуліцы гэтай вёскі пракладваецца газаправод.
Усяго ж за пяць апошніх гадоў газіфікаваны прыродным газам 649 кватэр і жылых дамоў. З пачатку года ў горадзе ўжо газіфікавана 80 кватэр і жылых дамоў.
АК—Нярэдка ў сістэме газіфікацыі здараюцца непаладкі і людзі набіраюць нумар 104. Хто рэагуе на такія сігналы?
ДЛ—Гэтым кругласутачна займаецца аварыйная служба пад кіраўніцтвам майстра Віктара Аляксандравіча Мініна, якая складаецца з пяці брыгад і налічвае 15 чалавек. Работнікі гэтай службы выязджаюць таксама па заяўках грамадзян для правядзення рамонтных работ на газавым абсталяванні. Я, як кіраўнік, асабліва ўдзячны за старанную працу вадзіцелям Анатолю Шацькову і Аляксандру Арэхво, слесарам Юрыю Малашэнку і Аляксандру Кузняцову і іншым работнікам аварыйнай службы, якія з усёй адказнасцю адносяцца да сваіх абавязкаў.
АК—“Дуброўнарайгаз” не першы год вызначаецца ўзорным парадкам і добраўпарадкаванай тэрыторыяй. Хто стварае такую прыгажосць?
ДЛ—Адразу адзначу, што наш калектыў па добраўпарадкаванню і азеляненню тэрыторыі ў ліку лепшых не толькі ў нашым раёне, але і сярод прадпрыемстваў “Віцебскаблгаза”: сёлета нам прысудзілі другое месца. І ў гэтым вялікая заслуга жанчын, якія працуюць у калектыве. Асабліва ў гэтай справе актыўныя: тэхнічка Наталля Старавойтава, кладаўшчыца Ала Клімава, прыёмшчыца заказаў Алена Мініна. Але і іншыя члены калектыву не застаюцца ў баку ад навядзення парадку, упрыгожвання тэрыторыі. У гэтай справе вызначаюцца работнікі мехмайстэрні электрык Міхаіл Бурцаў і токар Міхаіл Дзмітровіч. Яны майстры на ўсе рукі.
АК—З якім настроем ваш калектыў сустракае прафесійнае свята?
ДЛ—Як я ўжо гаварыў, з пастаўленымі задачамі наша ўпраўленне спраўляецца паспяхова. За дасягненне ў 2010 годзе найлепшых вынікаў у выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна наш калектыў занесены на раённую Дошку Гонару. Майстар Віктар Мінін напярэдадні прафесійнага свята ўзнагароджаны Ганаровай граматай УП “Віцебскаблгаз”, а Тамары Іванаўне Вашчылавай будзе ўручаны “Падзячны ліст” “Віцебскаблгаза”.
Практычна ўсе члены нашага ўпраўлення адносяцца да выканання сваіх абавязкаў належным чынам, таму кожны работнік заслугоўвае шчырых слоў удзячнасці, што і будзе зроблена ў час урачыстага сходу, які адбудзецца напярэдадні свята.
Асобна хачу адзначыць, што побач з вэтэранамі арганізацыі набіраюцца вопыту і працуюць старанна маладыя работнікі: слесары аварыйнай службы Міхаіл Альхоўскі і Віталь Вазміцель, вадзіцель Сяргей Данілаў, слесар Мікалай Данілаў і іншыя.
Карыстаючыся выпадкам, хачу праз газету выказаць удзячнасць нашым ветэранам і пенсіянерам, якія на працягу многіх гадоў працавалі ў калектыве і ўнеслі важкі ўклад у яго развіццё: былому начальніку цэха звадкаванага газа Генадзю Міхайлавічу Жыхарэвічу, майстру Зінаідзе Пахомаўне Усцінавай, слесару Сямёну Цітавічу Бяркозаву, прыёмшчыцам заказаў Тамары Сцяпанаўне Каравіка, Надзеі Пятроўне Шакун і Тамары Іванаўне Вашчылавай, якія заслугоўваюць шчырых слоў удзячнасці за старанную працу ў нашай арганізацыі.
І напрыканцы хачу праз газету павіншаваць сваіх калег з прафесійным святам. Жадаю ўсім здароўя, яснага надвор’я, дабрабыту, працоўных поспехаў і, безумоўна, безаварыйнай работы.
Андрэй КВІР