Актыўнае даўгалецце
Вось і падыходзяць да канца восеньскія дзянькі — на календары ўжо лістапад. Хутка зямлю пакрые снег, і зялёную траўку мы ўбачым толькі ў красавіку. А пакуль будзем часцей бавіць час дома, папіваючы гарачую гарбату пасля невялікіх прагулак або журавінавы морс. На прылаўках мільгаюць дары лесу ў розных відах нарыхтовак, сярод іх ярка вылучаюцца журавіны. Сваім сакавітым бардовым колерам так і вабяць: купі мяне. Менавіта з гэтай восеньскай ягадай зусім выпадкова зазірнула ў сцены нашай рэдакцыі пенсіянерка Вера Астапенка перачакаць дождж.
Гэтая далікатная жанчына працавала практычна ўсё жыццё на Дубровенскім ільнозаводзе.
— Прыйшла працаваць я кантрольным майстрам, — распавяла наша гераіня. — На льнозаводзе я прымала трасту. Раней гэта, вядома, было больш складана, чым цяпер. Тады яшчэ да нас лен з поля вазілі на конях і маленькіх грузавых машынах. Памятаю, як яны стаялі ў чарзе да ночы аж да самага маста праз Днепр, — дзялілася ўспамінамі жанчына.
Мінуў час, па стане здароўя яна перайшла на пасаду вагаўшчыка, а апошніх чатыры гады перад пенсіяй адказвала за ахову працы на прадпрыемстве. На заслужаны адпачынак выйшла з працоўным стажам 40 гадоў.
Здавалася б, вось і настаў залаты век. Але падчас пенсійнага адпачынку знайшла сабе занятак па сэрцы, на наш погляд, не самы просты: Вера Астапенка кожны год збірае журавіны.
— За журавінамі стала хадзіць толькі на пенсіі, — распавяла наша гераіня. — Родам я з Талачынскага раёна, побач з нашай вёскай лясоў і балот не было, таму ў дзяцінстве мы нікуды і не хадзілі. У маладосці, калі жыла ўжо тут, трэба было працаваць і гадаваць дзяцей — часу хадзіць у лес не было. А цяпер не сядзіцца на месцы — хочацца рабіць нешта рукамі.
Вера Астапенка адзначыла, што такая філасофія жыцця ў многіх пенсіянераў нашага раёна. Каб хадзіць на асінторфскія балоты, яны збіраюцца групамі:
— Дарога няблізкая: ехаць да гэтага аграгарадка больш за дзесяць кіламетраў, а потым яшчэ і ісці чатыры. А ўзрост у нас не маленькі — усялякае можа здарыцца. Ды і балота — гэта не жарты жартаваць. Без вопытнага партнёра туды лепш не хадзіць.
Пенсіянерка прызналася, што ў гэтым сезоне мала па журавіны хадзілі, таму і сабрала невялікую колькасць карысных ягад. На гэта, у большай ступені, паўплывала надвор’е — у раёне працяглы час захоўвалася забарона на наведванне лясоў.
— Я кожны год запісваю, куды хадзіла і якія ягады назбірала, — прызналася наша гераіня. — Адзін год, калі я хадзіла разам з мужам (ён толькі дапамагаў насіць ягады), за сезон назбіралі 1200 літраў розных ягад: буякоў і чарніц, брусніц, журавін. Канешне, нам столькі было не трэба, таму частку сабранага здалі нарыхтоўшчыкам.
Вера Астапенка лічыць, што журавіны — гаючая ягада. Гэта яна адчула, калі пачала есці яе сама. «Ягадка раніцай, ягадка на балоце і вынік — на танометры: таблеткі ад ціску зараз п’ю толькі раніцай», — з усмешкай распавяла жанчына.
Выкарыстоўвае журавіны пенсіянерка не толькі для лячэння, але і для разнастайных страў: пракручвае ягаду праз мясасечку і кладзе цукар, дадае ў гарбату і морс, а таксама рыхтуе шчарбет з дабаўленнем разынак і грэцкіх арэхаў. З задавальненнем ядуць пачастункі з гэтай ягады дзеці і ўнукі жанчыны.
Але не толькі ягадамі радуе іх бабуля. У зімовыя вечары яна вяжа шкарпэткі і робіць з шматкоў тканіны кілімкі. Так, за гэтую зіму яна звязала цэлых 20 пар найцяплейшых шкарпэтак, якія радуюць яе родных і знаёмых у Маскве, Смаленску, Мінску, Горках, Гарадку і Оршы.
А яшчэ зімовымі вечарамі Вера Астапенка любіць чытаць. Яна актыўная чытачка бібліятэкі пры Дубровенскім ільнозаводзе. З любімых жанраў — дэтэктыў і кнігі беларускіх пісьменнікаў.
— Заўсёды, калі прыходжу ў бібліятэку, прашу хоць адну кніжку на роднай беларускай мове — душэўна ўсё ж яны пішуць, — рассказала наша гераіня.
Не спыняе ў свае 76 гадоў жанчына працаваць на зямлі. Агарод з гароднінай і сад, дзе растуць яблыні, грушы, слівы, вішні і розныя кветкі — яшчэ адзін гонар жанчыны.
— Падабаецца капацца ў зямлі, высаджваць расліны, вырошчваць на градках гародніну. А зямля, яна ж родная… Усе хваробы забірае, дрэннае адцягвае, — дадае пенсіянерка.
Мы спыталі, як Вера Астапенка пры такіх нагрузках не стамляецца? Улетку градкі, увосень журавіны, узімку вяжа і чытае, а вясной ізноў клопаты на агародзе — далёка не кожны падобнае вытрымае, ды і яшчэ ў такім узросце. На гэта наша суразмоўніца коратка адказвае: «Галоўнае — навучыцца любіць працу. Тады яна будзе толькі ў радасць».
Таццяна БАЗЫЛЕВА