У Станіславоўскім СДК адбылося раённая свята «Радзіма мая дарагая»

80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — знакавая падзея ў жыцці беларускага народа. З гадамі подзвіг савецкіх грамадзян, якія гераічна адстаялі свабоду і незалежнасць Радзімы, набывае асаблівую значнасць. Ніколі не будзе аддадзена забыццю, якой высокай цаной аплачана Вялікая Перамога. Перадаваць памяць аб праўдзе вайны з пакалення ў пакаленне  — наш святы абавязак.

Па ўсёй краіне на працягу года адбыўся шэраг праектаў і акцый, прысвечаных гэтай даце. Раённы цэнтр народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці таксама рэалізаваў дзясяткі акцый, парвялі канцэрты і мерапрыемствы, прысвечаныя вызваленню Дубровенскага раёна і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Адзін з іх — патрыятычны праект «Дарогамі франтавымі». У рамках яго супрацоўнікі аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва пабывалі з канцэртамі больш як у 40 населеных пунктах Дубровеншчыны, нагадваючы жыхарам пра гісторыю малой радзімы, яе гераічнае мінулае, далучаючы моладзь да каштоўнасцей культуры і захоўваючы гістарычную памяць аб Вялікай Айчыннай вайне.

—   Стартаваў наш праект у студзені з акцыі «Равеснікі вызвалення», — паведаміла кіраўнік аддзела Наталля Хахлова. — Спецыяльна для праекта раённы Дом рамёстваў распрацаваў эмблему, да нашай ініцыятывы далучыліся ўстановы адукацыі, бібліятэкі, клубы, сельскія Дамы культуры, гісторыка-краязнаўчы музей. На працягу года ў рамках праекта былі рэалізаваны мерапрыемствы «80 дзякуй», «Праспяваем «Кацюшу» разам», конкурсы і выставы, канцэрты і сустрэчы, святы вёсак, добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў. Таксама ў кожным населеным пункце ўдзельнікі акцыі ўшаноўвалі памяць воінаў і ўскладалі кветкі да помнікаў і абеліскаў.

А 10 снежня ў г.п.Обаль Шумілінскага раёна па выніках абласнога праекта «Дарогамі франтавымі» аддзел нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва (аўтаклуб) Дубровенскага раёна адзначаны Дыпломам.

— Год сёлета асаблі­вы: 80-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дакладна ведаю, што ў кожнай сям’і, асабліва старэйшага пакалення, жывымі застаюцца ўспаміны пра падзеі Вялікай Айчыннай, пра блізкіх, якія ваявалі, — говорыць Наталля Хахлова. — У час правядзення акцыі мы гутарым пра тыя гады з вяскоўцамі, якія расказвалі пра сваіх дзядоў, спяваем песні ваенных часоў. Такой увазе рады ўсе і старыя, і моладзь.

Культработнікі радуюць землякоў у любое надвор’е. Увесь год яны ладзяць  свае канцэрты і сустрэчы у аграгарадках і весках Дубровеншчыны.

Вось і ў мінулую суботу ў Станіславоўскім СДК адбылося раённая свята «Радзіма мая дарагая», таксама прысвечанае 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Больш за паўсотні ўдзельнікаў сабраў Дом культуры ў аграгарадку. Гледачы запоўнілі залу і гучнымі апладысментамі сустракалі выканаўцаў самых розных узростаў.

У завяршэнні свята ўсе атрымалі дыпломы РДК і падарункі ад індывідуальнага прадпрымальніка, члена раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Таццяны Аляксейчык.

— Толькі дзякуючы захаванню гістарычнай памяці мы змаглі пабудаваць незалежную дзяржаву, — адзначыла ў завяршэнні канцэрта вядучая Анастасія Хмарская. — Будучыня нашай краіны — у руках моладзі. І я ўпэўнена, што яны будуць годнымі прадаўжальнікамі заваяванняў бацькоў і дзядоў, захоўваючы і памнажаючы нацыянальнае багацце і здабыткі сваёй руплівай працай.

Алена ЗАЙЦАВА