Ветеранов Дубровенского и Толочинского районов объединила музыка

Дубровно, ветераны, Витебская область, Дубровенский район, Толочинский район, музыка, хор, гимн, земляки, история

Эх, юбілей!

Зусім хутка раённы савет ветэранаў вайны і працы рыхтуецца ўрачыста адзначыць важную падзею ў жыцці — 25-годдзе з дня стварэння ў Дубровенскім раёне ветэранскай арганізацыі.

Чвэрць стагоддзя грамадскаму фарміраванню ветэранаў, якое аб’ядноўвае ў сваіх радах больш за 5 тысяч чалавек, споўніцца 18 лютага 2012 года. А крыху пазней — 14 сакавіка — будзе адзначацца 25-годдзе стварэння абласной ветэранскай арганізацыі.

Адной з важных спраў, прысвечаных гэтым датам, стала правядзенне на базе Дубровенскага раёна абласнога занальнага семінара па пытаннях увекавечвання памяці абаронцаў Айчыны. Тут трэба нагадаць, што за апошні час устаноўлены прозвішчы больш 19 тысяч салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў час вызваленчых баёў на тэрыторыі нашага раёна.

Падчас абласнога семінара была дасягнута дамоўленасць паміж райсаветамі ветэранаў Дубровенскага і Талачынскага раёнаў аб больш цесным супрацоўніцтве.

Просім ў хату, госці дарагія!

І вось 30 лістапада на базе Тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва, дубровенцы гасцінна сустрэлі вялікую дэлегацыю Талачынскага раёна, якую ўзначальвала старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Васільеўна Страхоўская. Гасцей сардэчна віталі старшыня раённага савета ветэранаў Раіса Стальчанка, адказны сакратар Аляксей Гаўруцікаў, кіраўнік клуба “Сардэчныя сустрэчы” і “Залаты ўзрост”, старшыня раённага савета жанчын Клаўдзія Гарэлікава, а таксама ветэраны з ліку былых настаўнікаў, медработнікаў, работнікаў культуры і г.д.

У слове ў адказ Г.В.Страхоўская зазначыла, што яна і яе таварышы па грамадскаму фарміраванню вельмі рады такім цесным сяброўскім сувязям. А ў якасці музычнага падарунка яна прапанавала дубровенцам канцэрт хору ветэранаў г.Талачын начале з мастацкім кіраўніком Вольгай Іванаўнай Клічко.

Музыка нас звязала…

На імправізаваную сцэну выйшлі два дзесяткі аматараў спеваў. Трэба зазначыць, што асобным удзельнікам хору г.Талачын па 80 і больш гадоў. Але ўзрост не перашкаджае ім з вялікім задорам, весела і гучна спяваць як народныя, так і песні прафесійных кампазітараў.

Чакаў ветэранаў-дубровенцаў адзін сюрпрыз: яны заўважылі ў складзе хору ветэранаў г.Талачын, былога адказнага работніка апарата Дубровенскага райкама КПБ Міная Карніенка. А былы загадчык РАНА Аркадзь Васільевіч Круцько нават не хаваў слёз радасці ад такой сустрэчы. Яно і не дзіва: апошні раз гэтыя людзі сустракаліся па рабочых пытаннях больш за трыццаць гадоў назад.

Мінай Лявонавіч Карніенка сардэчна падзякаваў землякоў-дубровенцаў за такую гасцінную сустрэчу, з гумарам расказаў, як ён, не маючы “голаса” апынуўся ў хоры ветэранаў, дзякуючы пераканаўчым доказам мастацкага кіраўніка Вольгі Клічко. Наш зямляк прачытаў прысутным верш уласнага сачынення, на словы якога некалькі гадоў назад быў напісаны гімн г.Талачын.

—Сёння я адкрыю вам, паважаныя дубровенцы, адзін сакрэт, — зазначыў М.Л.Карніенка. — На такую справу мяне падштурхнула тое, што гімн Дуброўна быў напісаны шмат гадоў назад, а аўтара верша я добра ведаў і вельмі паважаў. Гэта былая настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 г.Дуброўна Ганна Ігнацьеўна Голубева — цудоўнай душы чалавек…

Напрыканцы сустрэчы кіраўнікі ветэранскіх арганізацый Дубровенскага і Талачынскага раёнаў Р.С.Стальчанка і Г.В.Страхоўская абмяняліся сувенірамі на памяць.

Падчас сустрэчы ветэраны двух раёнаў прыгадвалі цікавыя сустрэчы і выпадкі з жыцця, разам спявалі песні, чыталі вершы, расказвалі пра сваі захапленні. Адзін з удзельнікаў сустрэчы трапна зазначыў, што чалавек, які знаходзіцца на заслужаным адпачынку знаходзіць шчасце і займае актыўную жыццёвую пазіцыю тады, калі да гэтага імкнуцца душа і сэрца.

Леанід ДУДАРАЎ,
член прэзідыума раённага савета ветэранаў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *